
- Мы з-пад Вiлейкi. (Волечка маўчала, як самая сталая з усiх жанчын свету.) Слухай, я там за равамi бачыў стагi. Паеду прывязу сена, дык i твайму каню будзе.
- А калi хто ўбачыць?
- Я не баюся, я выгнанец.
- Але ж гэта чужое.
- Але ж мяне не пыталi, калi з хворым бацькам з хаты выганялi.
I зноў вялiкая сталасць агарнула Волечку.
- Дык я паеду, а ты брамы не зачыняй.
Тут яна адарвалася ад свае работы i паважна сказала:
- А тут яшчэ гэты немец хворы ў хаце.
- Небыт. I я паездзiў з iм.
Так яны быццам згаварылiся ў нейкай iм толькi адным вядомай справе. Разумеючы адзiн аднаго да канца, яны, як змоўшчыкi, зiрнулi адно аднаму ў вочы. Яна зноў пачала даiць карову, а ён цiха выехаў на пустым возе з двара.
Прайшло гадзiн паўтары, калi ён вярнуўся. Каля аднаго акна ў Вольчынай хаце гарэў агонь. Ён увайшоў. Волечка спала на тапчане ля печы. Салдат паiў ляжачага немца малаком з лыжкi. Волечка ўсхапiлася, як бы электрычны ток працяў яе сонную, калi толькi яе госць увайшоў у хату. Абое разам яны выйшлi ў сенцы.
- Прывёз, - сказаў ён. - Я дам i твайму каню.
- Стаў i свайго да майго ў хлеў.
- А ты iдзi спаць.
Сонная, яна хiстанулася на нагах i шпарка пайшла ў хату. А ён цiха i спакойна зачынiў за сабою сенечныя дзверы. Вераснёвая ноч стаяла над зямлёй. Уся яго iстота напоўнiлася натхнёным адчуваннем гэтай зорнай i цiхай ночы. Ён доўга стаяў пасярод незнаёмага яму двара, на новым сваiм месцы, аб iснаваннi якога раней i не здагадваўся. Свайго i Вольчынага каня ён паставiў да сена i сам лёг на воз, тварам у зоры. Чорныя сiлуэты вялiкiх дрэў вырысоўвалiся перад iм, дзесьцi за гэтай цеснай сялiбай, за цiхай вулiцай, за пахучымi паплавамi, дзе ён нядаўна браў сена. I такая стаяла цiшыня, што здавалася - восень сочыць, цi не парушае што яе спакою. Чутно было, як грукалi конi, перажоўваючы сена.
