- Твой конь вельмi стары, я яму ў зубы глядзеў. Дзiва што ён такi худы, у яго жаваць няма чым.

- I твой худы, - адказала яна.

- Але ён малады, яму ўсяго пяць год. Ён здарожаны. Калi яму даць харч i спакой, то я б яго на ляльку вырабiў бы.

Волька паказала яму, куды ехаць, i ён выехаў з салдатам у дарогу. Салдату рупела хутчэй адчапiцца ад усёй гэтай валаводзiны, i ён падварушваў свайго фурманшчыка, а той выконваў свае абавязкi з заўзятасцю чалавека, якi з гэтага хлеб есць. Так што яны шпарка даскочылi да мястэчка, але доктара i там не засталi: ён паехаў у нейкае сяло да хворых, але затое там яны здабылi фельчара, казённага, з амбулаторыi, i салдату ўдалося вельмi хутка выехать назад з фельчарам. Гэты фельчар быў чалавек мясцовы. Служачы пры доктару, ён за доўгiя гады набыў вялiкую практыку i ведаў практыку жыцця i на хваробах знаўся. Усю дарогу ён распытваў - а адкуль, а як, а што, салдату было весялей, таму i ехалi павальней. I вось праз усю дарогу назад, не спяшаючыся ехаць, малады фурманшчык разглядаў наваколле паабапал дарогi. Дзень гэты быў сонечны. На бярозах трапяталася жоўтае лiсце. У чыстым полi адзiнокi лiсток на дарозе iмкнуўся з ветрам удалячынь. Лясы паўз дарогу нерухома вартавалi спакой восенi. На пустым iржышчы i на пакошах хадзiла жывёла. Ясны сум восенi, здавалася, плыве з ветрам, i ўсё вiсiць, як доўгачаканая ласкавасць. Шыпшына кустамi стаяла без лiсця i з чырвонымi пладамi. Патузваючы лейцы, малады фурманшчык перажываў дзiцячае жаданне спынiць каня, адысцiся да шыпшыннiку i нарваць, немаведама дзеля чаго, поўную шапку ягад. Душа яго ўцiхамiрвалася дарогай, павольнай яздой, восенню i цiшынёй. Яму здавалася, што ўжо з гэтых мясцiн яму нiкуды не трэба ад'язджаць, нiкуды i нiколi, што не трэба ўжо шукаць у свеце прыстанку i што тут усё вельмi падобна на той родны кут, з якога ён з блiзкiмi сваiмi i роднымi выехаў.



9 из 177