- Немец можа памерцi, трэба доктара.

- А хiба я ведаю, дзе той доктар? - развёў хлопец рукамi, i ў яго голасе было многа пратэсту: "Што вы маеце да мяне? I так мяне ўчора валтузiлi, не давалi бацьку пахаваць!" Волечка стаяла за iм нейкая малая, цiхая.

- Пакажы мне, дзе ў вас доктар, - сказаў да яе салдат, - хадзем.

- У нашым мястэчку цяпер няма доктара, - адказала яна ўзбуджана, - ён на вайне.

- А дзе ж вы лечыцеся, калi хто захварэе?

- Калi хто захварэе, дык паляжыць i сам ачуняе.

- Дык дзе ж дастаць доктара?

- Дык можа ён i так паправiцца?

- Можа i паправiцца. Але доктар усё роўна патрэбен, напiсаць акт або аб смерцi, або аб тым, што ён хварэў i правiўся, i таму я так павольна яго вёў.

- Доктар ёсць у другiм мястэчку за дзесяць вёрст.

- Запражы каня, - сказаў салдат да хлопца, - i прывязем доктара.

- Добра, - узбуджана адказаў хлопец. Магло здавацца, што ён нечаму ўзрадаваўся.

- А калi ехаць? - сказаў ён ахвотна.

- Трэба хутка.

- Дай яму чаго паесцi, - сказаў салдат да Волькi.

Хлопец i Волька выйшлi ў сенцы i сталi раiцца. Яна сказала:

- Я звару чыгунок бульбы, ёсць накопаная, i салдата накормiм, а немцу малака дам. - Выходзiла так, што i хлопец тут як бы гаспадар i з iм трэба раiцца.

- Добра, - адказаў ён, - пакуль ты ўправiшся, дык я воз абладжу.

- Мне яшчэ трэба карову падаiць.

З якой ахвотай ён узяўся за работу! Як гэта ўсё добра! Ён прымацован да нейкай справы, i надалей адышла неабходнасць выбiрацца ў невядомую дарогу шукаць немаведама чаго ў беспрытульным свеце. Ён абгледзеў воз: стары ён быў, раз'езджаны, паламаны. Пакуль у дарогу - трэба яшчэ пазмацоўваць яго. Ён за гэта i ўзяўся. Пасля пайшоў да коней. Конi паелi сена i абнюхвалiся. З выглядам знаўцы гэтай справы ён падняў Вольчынаму каню верхнюю губу i агледзеў зубы. Вымасцiў сенам воз, напаiў конi i запрог у воз свайго каня. Снедаючы разам з салдатам i Волькаю, ён сказаў да яе:



8 из 177