
Яе звалi Лайка. Яна, калi хто запамятаваў, была першым савецкiм касманаўтам.
Лайку запусьцiлi ўвосень, калi ў нашым садзе ападалi апошнiя, салодкiя, амаль як папяроўкi, антонаўкi, а ў суседкi Хведараўны, што жыла праз гарод ад нас, налiвалiся гаркавай слодыччу калiнавыя гронкi. Калiна разам з трыма маладымi вiшнямi пазначала пачатак суседчыных уладаньняў; плоту памiж гародамi ня ставiлi i, калi Хведараўна спускала з ланцуга пярэстага дварняка Дуная, той мог уяўляць сябе гаспадаром вялiзнага абшару.
Праўда, ён, гэты абшар, iмгненна мiзарнеў перад тым, якiм валодала хвастатая касманаўтка.
Задзёршы галаву, я стаяў на восеньскiм холадзе й намагаўся разгледзець у прасьветах хмараў касьмiчную будку зь вялiкiмi, ужо знаёмымi мне лiтарамi: СССР. У будцы ляцела да болю родная i блiзкая iстота.
О, як мне праглася хоць на дзень апынуцца ў ейнай шкуры, каб таксама iмчаць над Зямлёй, нацiскаць лапамi кнопкi кiраваньня, радасна брахаць на зоркi i дасхочу есьцi з кансаровак кiлькi ў тамаце, якiмi - я быў непахiсна перакананы - Лайку шчодра забясьпечылi да канца касьмiчнае экспэдыцыi.
"Марш у хату! Хопiць аблокi пасьвiць!" - крычала мама.
Аўтарства другой фразы належала ня маме, а маёй бабулi Аўгiньнi, што жыла ў прыдняпроўскай вёсцы пад Шкловам, куды мяне адвозiлi ў траўнi на ўсё лета.
Улетку пасьвiць аблокi было больш прыемна. Я клаўся на гумнiшчы на растрэсенае шаматкое сена, мне пад бок падточваўся кот (бабуля нiколi не давала сваiм катам iмёнаў, называючы iх проста Катамi або Кошкамi), i мы гадзiнамi глядзелi на пухнатыя, белыя, быццам безьлiч дзьмуховых галовак, аблокi. З-за кустоў агрэсту й парэчак мядова пахла канюшына, галава цi то сам нагрэты сонцам дол прыемна плылi ў прасторы, безыменнаму кату сьнiлiся смачныя тлустыя мышы, i ён шчасьлiва вуркатаў, раз-пораз торгаючы абсечаным за нязводную збрадлiвасьць хвастом... Дрымота кралася й да мяне, але я балюча шчыкаў сябе за цыпкастую лытку, баючыся, што якраз тады, як на валасок засну, на адным з гэтых мяккiх, як узьбiтая пярына, аблокаў i праплыве паўз бабулiна гумнiшча Бог.
