
Бабуля Аўгiньня пасьпела ўжо ня толькi напалову легальна пахрысьцiць мяне ў Копыскай царкве, але й развучыць са мною "Ойча наш". Я ведаў, што "ойча наш" - гэта i ёсьць Бог, а "на небясi" - значыць, на небе.
Тлумачыць, што такое "iжэ ясi", бабуля, спадзеючыся на ўнукаву кемлiвасьць, палiчыла залiшнiм. Апраўдваючы ейныя надзеi, я й хацеў падвiжаваць, чым там "ойча наш" жывiцца. Можа, кiлькамi ў тамаце з бульбаю ў мундзiрах?
Выдатна памятаю, што зайздрасьцi да Бога - няхай сабе ён i харчаваўся б вылучна маёй улюбёнай гарадзкой страваю - у маёй маленькай душы i не начавала. Калi я яшчэ й не разумеў, дык адчуваў, што лёсы ў нас з Богам - зусiм розныя. Ён быў ужо дужа стары i мусiў, нягледзячы на добрае харчаваньне, хутка памерцi, а мяне перапаўняў кураж неўмiручасьцi. Ён быў вялiкi начальнiк, а я нiякiм начальнiкам рабiцца нiколi не зьбiраўся. Апрача ўсяго iншага, я страшэнна баяўся высачынi i меў слабы вэстыбулярны апарат: хапала двух кругоў на каруселях, каб рот напоўнiўся агiднай салодкаю асцой й мяне пачало нудзiць.
Тады, увосень, шукаючы ў небе касьмiчную будку, якую радыё мудрагелiста менавала бiялягiчным штучным спадарожнiкам Зямлi, пра вэстыбулярны недахоп я начыста забыўся, бо, мабыць падсьвядома быў перакананы, што пераўвасобiўшыся ў сабаку, iмгненна пазбаўлюся i ўсiх людзкiх хiбаў.
Пакуль Лайка лётала, а я пасьвiў сярод хмараў свае лятункi, на зямлi распачыналiся розныя зьвязаныя з космасам падзеi.
У нас першым непасрэдным вынiкам Лайчынага палёту сталася гераiчная гiбель Дуная.
Пасаджаны ў скрадзеную на пiўзаводзе пустую бочку суседчын сабака выправiўся ў космас са старой чырвонай пампоўнi на беразе Палаты.
На апошнiм зямным прыстанку касманаўта No.2 было таксама напiсана "СССР" i яшчэ некалькi кароткiх, часта сустраканых на сьценах i плоце словаў, чый сэнс у тыя часы заставаўся для мяне загадкаю.
