
Другi раз дзед Грыша рассакрэцiўся перада мною, калi, паслухаўшы радыёперадачу пра Гагарына, раптам хапянуў бяз закусi шклянку двойчы перагнанай бабулiнай самагонкi i прыцiшана сказаў - праўдзiвей не сказаў, а ўсхлiпнуў: "Эх, Воўка, колькi рабят да Гагарына на запусках папалiлi..." i дадаў яшчэ некалькi словаў, якiя мяне вучылi не казаць нiколi.
Я перажыў iмгненьне, якое называюць момантам iсьцiны. Маёй дзiцячай душы адкрылася, што сьлёзы на дзедавых, таксама лысых, амаль бязь веек, вачах накруцiлiся не ад магутнага бабулiнага самагону, а ад таго, што дзед ня толькi ведаў тых "рабят", але й сам - страшна падумаць - палiў iх...
Зьлякаўшыся сваёй шчырасьцi, дзед Грыша папрасiў мяне забыць пачутае, iначай яго могуць выгнаць з працы, а то й пасадзiць у турму. Я хацеў i надалей атрымлiваць перад Новым годам маскоўскiя пасылкi, а таму даў "чэснае акцябрацкае" i падмацаваў яго тым, што перахрысьцiўся, як вучыла бабуля, на абраз Мiколы-цудатворцы.
Пасылкi з прысмакамi прыходзiлi яшчэ гадоў пяць. Вярнуўшыся зь дзедавых хаўтураў у вёску, цётка Вольга абвясьцiла, што на памiнкi прывезьлi аднекуль два аўтобусы генэралаў.
Нi тады, нi пазьней, калi лёталi Быкоўскi зь Церашковай, i цётка Роза Герцыковiч, апавядаючы, што iх запусьцiлi дзеля касьмiчнага размнажэньня, абяцала абавязковае нараджэньне ўродцаў, я так i не адчуў анiякай ахвоты хоць на момант зрабiцца касманаўтам. Тым ня менш, папусьцiўшыся агульнаму псыхозу, пасьля палёту першага шматмясцовага карабля, я напiсаў свой першы вершаваны твор:
Мчится тройка, мчится быстро
В корабле "Восход",
