Можа, з тае прычыны, што выразаны з часопiсу "Огонёк" Лайчын фотапартрэт па-ранейшаму вiсеў у мяне над ложкам, несправядлiвасьць настаўнiчыных слоў успрымалася асаблiва абвострана. Я атрымаў першы ўрок афiцыйнае хлусьнi. Усе цудоўна ведалi, што першым касманаўтам была Лайка.

(Паколькi кантрапунктам у нас iдзе тэма зайздрасьцi, заўважу, што, думаючы пра Юрыя Гагарына, я не знаходзiў у душы нi драбочка згаданага пачуцьця. Праз тое самае я чуў глыбокую чалавечую сымпатыю да цёткi Розы Герцыковiч. Ейныя прысьвечаныя касманаўтыцы аповеды неабвержна сьведчылi, што суседка таксама анiразу не пазайздросьцiла захмарнаму герою i нiколi не пажадала ягонай долi ўлюбёнцу Фiму.)

Улетку ў мяне зьявiлiся дадатковыя аргумэнты: ад свайго стрыечнага дзеда, а мамiнага роднага дзядзькi Грышы я даведаўся, што Гагарын ня быў першым касманаўтам i сярод людзей.

Папярэднi раз дзед Грыша пераведваў родную вёску, калi ня быў мне нiякiм дзедам, бо мяне яшчэ не iснавала на сьвеце, а мой тата жыў ня з мамаю, а зь першай жонкаю, бо тая пакуль не хварэла на невылечную сухотку. Дарослыя казалi, што дзед Грыша "засакрэчаны", i, каб пераканацца ў гэтым, досыць было ўбачыць пасылкi, якiя ён прысылаў нам з Масквы перад кожным новым годам. Уходаўшы тую таўшчэзную чырвоную рыбiну зь вясёлкавым пералiвам на зрэзе, я цэлы месяц не ўспамiнаў пра кiлек, а буйныя разынкi ў першаклясным шакалядзе побач з абсыпанымi цукрам крамнымi "падушачкамi" выглядалi прывiтаньнем зь iншае плянэты, якая ў сваiм разьвiцьцi апярэдзiла нашую не на стагодзьдзе, а назаўсёды.

Дзед Грыша быў абсалютна лысы, i я любiў спотайку разглядваць ягоную сьпярэшчаную сiнiмi, чырвонымi й зялёнымi жылкамi кавунаватую галаву, якая моцна выдавала на глёбус. Сваякi сьцьвярджалi, нiбыта пра сваю маскоўскую працу дзед не прамовiць нi слова i на Страшным судзе. У памяць урэзалася, як сувора зiрнуў ён на маю цётку, а сваю пляменьнiцу Вольгу, калi тая, пачуўшы з радыё папулярнае тады абяцаньне дагнаць i перагнаць Амэрыку, пацьвердзiла, што так, дагонiм, бо босым бегчы лягчэй. Аднак я добра запомнiў i тое, як перад бабуляй Аўгiньняй дзед аднойчы крышку рассакрэцiўся, паведамiўшы, што мае справы зь нябеснай канцылярыяй.



7 из 11