У гэтага было чацвёра дзяцей. Трэцяя з дзяцей, Ганна, была замужам за кавалём, тут жа па суседству, праз дзве хаты. У гэтай было трое дзяцей. Чацвёртая, Наста, была настаўнiца i таксама прыязджала ўлетку з мужам, будаўнiком мастоў, i трыма дзецьмi. Пяты сын быў заатэхнiк. Гэты жыў дома з бацькам, i на яго клопаце была ўся жывёла ў калгасе. Самая ж маладзейшая з дзяцей, Клава, была вечная трывога Банадысю Татарынчыку. Заўсёды ён думаў пра яе як пра асобу вельмi легкадумную i без усялякай сталасцi. Калiсьцi яна кiнула, не давучыўшыся, педагагiчны тэхнiкум, прагнучы нейкай "артыстычнай славы на эстрадзе", як сама тлумачыла бацьку. Яна мала калi бывала дома. Яна часта пераязджала жыць з горада ў горад. Даходзiлi чуткi, што яна нiяк не можа выбраць сабе працы i не набыла сталай прафесii. Яна была вялiкая моднiца. Банадысь Татарынчык нiяк не мог уцямiць, чаму яна не пайшла замуж. Ён злаваў на яе i сумаваў па ёй, як па страчаным сваiм дзiцяцi. Яна нейк i гаварыць старалася з асаблiвым акцэнтам i iнтанацыяй i нарэшце стала ўяўляцца Банадысю як бы чужой.

Пасля ўваходзiн у новы дом адразу пачалося ў iм жыццё на поўную меру. Асаблiва гэта было ўлетку, калi ўсе сюды з'язджалiся. Тут было многа дзяцей i многа шчаслiвага жаночага клопату. Канстанцiн прыязджаў сюды i зiмою, пiсаць свае навуковыя працы. Дом вельмi хутка абжыўся, i пачало здавацца, што ён стаiць ужо вельмi даўно. Усё было б як не трэба лепш, каб не думкi аб Клаве, якая была нейкая нялюдская. Дайшлi былi чуткi, што яна вельмi часта зменьвае сваю працу i нiчога не можа дабраць сабе да густу, бо i густы яе часта зменьваюцца. Банадысь пачаў нарэшце спадзявацца, што ў яе можа нарадзiцца дзiця i яна прыедзе гадаваць яго дома. Але прыйшоў момант, што яна i без дзiцяцi явiлася дадому.

Гэта быў страшны час у жыццi Банадыся Татарынчыка. Яго вялiкi дом быў пусты, з усiх яго пакояў павявала пустэчай. Сам Банадысь з жонкай жыў у кухнi. Улетку не прыязджалi дзецi, унукi, i невядома было, дзе яны i што з iмi.



2 из 6