Вядома было толькi, што сын, якi жыў дома, у армii. А дачку, кавалёву жонку, забiлi фашысты, калi забiралi жывёлу. Сам каваль, забраўшы з сабою дзяцей, пайшоў туляцца ў лясы. У доме панавала маўчанне. А тут жа заўсёды было так людна i весела. У гэтым доме Канстанцiн напiсаў быў за лета кнiгу. Тут радзiлася адно з дзяцей у дачкi-настаўнiцы. Банадыся палохала нязвыклая цiшыня пустых сцен. Ён усё чакаў, што якiм-небудзь патаемным парадкам пачнуць прыходзiць дзецi. I яшчэ ён чакаў, пакуль знiкнуць адсюль немцы. Тады ўжо напэўна ўсе пазбiраюцца ў свой прасторны дом. У такiм чаканнi памерла жонка, старая ўжо жанчына. Ён жыў адзiн, бесперапынна курыў i пiльнаваў дом. Ён зберагаў яго на лепшы час, калi ўсе, шчаслiвыя, збяруцца разам. I вось прыйшла Клава. Банадысь накурыў гэтулькi дыму ў сваёй кухнi, што яна спынiлася ў парозе як бы збянтэжаная. Нават i ў такiм сваiм стане ён усцешыўся хараством сваёй дачкi, якое было цяпер яшчэ большым, як заўсёды раней, i сапраўдным, чалавечным. У яе цяпер не былi падмалёваны губы, i гаварыла яна проста, так, як умела змалку. Яна была адзета прасцей, i не было ў яе крыклiвай самаўпэўненасцi.

Вялiкая радасць скалынула Банадысёву душу. Ён абняў Клаву i стаў распытваць. Вось што яна сказала:

- Я ледзьве жыла. Ужо доўга-доўга я жыла галодная i тулялася, каб немцы не пагналi мяне ў Германiю на работу. А раней да цябе прыйсцi я баялася: гэта ж такая дарога, сотнi кiламетраў. А было чутно, што i тут гоняць у Германiю.

Ён пачаў кармiць яе. Пакуль яна ела, ён не спускаў з яе, маўклiвай, вачэй i ўяўляў сабе, што гэта яна, як некалi, малая сядзiць за сталом i чакае яго ласкi i добрага бацькаўскага слова.

Але яна ўжо не была малая. Яна цiха жыла з бацькам i адпачывала душой i целам. Яна адаспалася i папрутчэла ўсiм сваiм рухам i голасам. Так прайшло, можа, з месяц, i ў вёсцы спынiлiся на пастой немцы. Вялiкi Банадысёў дом нагледзелi сабе афiцэры. Iх было, маладых i старэйшых, сем чалавек. А пры iх былi салдаты. Такiм парадкам дом заняло ўсяго дзевятнаццаць немцаў. Яны занялi ўсе пакоi, кухню, сенцы i халодны пакой пры сенцах. Яны пахвалiлi гаспадара за прасторны i выгодны дом. У адной толькi кухнi магло б жыць дзесяць чалавек.



3 из 6