
Немцы занялi дом зранку. Вiдно было, што яны заўважылi i хараство гаспадаровай дачкi. Сумятня ў доме пачала сцiхаць. Салдаты ў кухнi пачалi рыхтаваць абед. Афiцэры ўладжвалiся ў пакоях i раскладалi свае рэчы. Банадысь, сам не свой, стаяў у адчыненых дзвярах з сянец на двор. Клава сядзела ў сенцах. Малады немец раз-поразу хадзiў з пакояў на двор i з двара ў пакоi. Праходзячы праз сенцы, ён кожны раз прагнымi вачыма акiдаў Клаву, i магнасць да яе прымушала яго заўсёды сцiшваць хаду каля яе. Банадысь не спускаў з яго вачэй. А ён усё выносiў на двор вытрасаць нейкiя чамаданы, паперы, адзежу. Нарэшце Клава заўважыла цi адчула на сабе ўвагу гэтага немца. Яна акiнула яго вачыма, i позiркi iх спаткалiся. Банадысь стаяў як прыкаваны да пакуты. I тут адбылася страшная рэч. Немец на адзiн момант спынiўся ля Клавы i ўсмiхнуўся ёй. Банадысь акамянеў, i яму цяжка стала дыхаць. Ён убачыў: Клава ўсмiхнулася немцу. Немец злавiў яе ўсмешку i рушыў у пакоi, каб праз паўхвiлiны зноў iсцi праз сенцы i зноў есцi вачыма Клаву.
- Выйдзi з сянец! - загадаў Банадысь Клаве.
Яна зразумела i выйшла, збянтэжаная.
- Скiнь з сябе гэты шоўк, каб яго перуны спалiлi! Яшчэ бо выфранцiлася якраз! Пераадзенься ў матчыну адзежу. Зачынiся ў пунi i ляжы да вечара. Да ночы будзь гатова ў вялiкую дарогу... Каму ты ўсмiхалася! Гадаўка! Дык вось чаму ты заўсёды была гэтакая нялюдская! Ты ведаеш, каму ты ўсмiхнулася? Я магу цябе ўзненавiдзець, брыда паганая!
Як атручаны хадзiў ён цэлы дзень i ўсё правяраў акянiцы ў доме. Горкая прыкрасць душыла яго. Агiда i нянавiсць не давалi яму спакою. Клава не выйшла з пунi да самага вечара.
Пасля Банадысь Татарынчык расказваў, што рашучая i ясная думка прыйшла яму ў галаву адразу, як толькi ён убачыў, што немец i Клава абмянялiся ўсмешкамi. За дзень жа ў яго галаве вымеркаваўся план.
