У нас у кожнага была бутэлька лiманаду. Лота пайшла на бераг возера, каб пакласцi пяску ў лiманад, i калi мы спыталi яе, чаму яна так зрабiла, яна адказала:

- Я хачу толькi паспытаць яго на смак.

Пасля абеду тата распластаўся на траве.

- На сонцы так хораша, што я крыху ўздрамну, - сказаў ён. - А вы, дзецi, пакуль што паклапацiцеся аб сабе самi. Але памятайце, што вам забаронена хадзiць на мол!

Мы не пайшлi на мол. Трошкi далей, блiжэй да возера, быў вялiкi абрыў. Мы забралiся на яго, таму што Джонас хацеў паказаць, як нырае тата.

- Ён гэта робiць вось так, - сказаў Джонас, выцягваючы рукi ўперад i падскокваючы.

Калi мы пачалi нешта ўсведамляць, Джонас быў ужо ў вадзе. Хаця ён, вiдаць, не хацеў гэтага. А горш за ўсё было тое, што мама не дазволiла нам гуляць каля вады, таму што было занадта холадна. Але ён упаў у ваду, як камень. Лота i я ўскрыкнулi. Я знайшла доўгую палку, якая ляжала на абрыве, i калi Джонас паказаўся на вадзе зноў, ён ухапiўся за яе. А Лота толькi смяялася. Адразу ж прыбеглi мама i тата. Тата выцягнуў Джонаса з вады.

- Божа мой, Джонас, што ж ты робiш? - спытала мама.

- Ён толькi хацеў паказаць нам, як нырае тата, - сказала Лота. Потым яна засмяялася зноў, таму што мокрыя штаны Джонаса здалiся ёй вельмi смешнымi.

Джонасу прыйшлося зняць з сябе ўсю адзежу, а мама павесiла яе на дрэва, каб яна прасохла. Але ж адзежа была яшчэ мокрая, калi нам трэба было вяртацца дадому, таму Джонасу прыйшлося сядзець у машыне захiнутым у коўдру.

Лоце ўсё здавалася смешным. Але раптам яна перастала смяяцца. Яна не магла знайсцi Бэмсi. Мы шукалi яго ўсюды. Але ён знiк. Мама сказала, што нам, вiдаць, прыйдзецца паехаць без яго, i ад гэтага Лота ўскрыкнула яшчэ мацней, чым тады, калi Джонас упаў у возера.



12 из 43