
- Бэмсi, можа, правядзе цудоўную ноч у лесе адзiн, - сказаў тата. - Заўтра я вярнуся сюды i пастараюся знайсцi яго.
Аднак Лота ўсё плакала i плакала:
- А можа, раптам злая старая ведзьма прыйдзе i напалохае яго?!
- Калi Бэмсi сустрэне ведзьму, то, можа, менавiта яна, а не ён спалохаецца, - супакойваў тата.
- Цi можаш ты ўспомнiць, калi ты апошнi раз трымала ў руках Бэмсi? спытала мама.
Лота паспрабавала ўспомнiць.
- У дванаццаць гадзiн, - сказала яна.
Але паколькi Лота не арыентавалася ў часе, вядома, гэта была вялiкая хлусня.
Тата гаворыць, што наша Лота - гэта такi Маленькi Арэшак, якi гаворыць усё, што прыходзiць яму ў галаву.
Раптам я ўспомнiла, што Лота трымала Бэмсi, калi мы назiралi за птушыным гняздом. Мы ўсе разам пайшлi да дрэва, i там, побач з гняздом, сядзеў Бэмсi.
Лота падхапiла яго, пацалавала ў нос i сказала:
- Дарагi Бэмсi, ты ўвесь час сядзеў i глядзеў на гэтыя блакiтныя яйкi?!
- Няшчасная мама-птушка, вiдаць, не асмелiлася падляцець да сваiх яек увесь дзень, - сказаў Джонас. - Ружовыя мядзведзi часам бываюць самымi лепшымi пудзiламi.
- Бэмсi нiчога не кранаў, - сказала Лота. - Ён толькi сядзеў i глядзеў на яйкi.
Мы ўсе селi ў машыну i паехалi дадому. Джонасу прыйшлося сядзець усю дарогу ўхутаным у коўдру.
У той вечар тата i мама прыйшлi ў наш пакой, каб сказаць нам добрай ночы. Тата нахiлiўся над ложкам Лоты. Побач з ёй ляжаў Бэмсi. Тата сказаў:
- Ну што, Маленькi Арэшак, што табе спадабалася больш за ўсё? Iду ў заклад, вiдаць, тое, што мы знайшлi Бэмсi.
- Не, лепш за ўсё было тое, што Джонас упаў у возера, - адказала Лота.
МЫ ЕДЗЕМ ДА БАБУЛI З ДЗЯДУЛЕМ
Летам мы з мамай ездзiм у вёску да бабулi i дзядулi. Тата едзе з намi, калi ў яго адпачынак. Мы едзем цягнiком, таму што мама не можа вадзiць машыну.
- Старайцеся добра сябе паводзiць у дарозе i не турбаваць мацi, - сказаў тата.
