
Нам з Джонасам спадабалася гуляць у бальнiцу. А Лоце - не.
УПАРТАЯ ЛОТА
Наш тата вельмi смешны. Калi ён вяртаецца дадому з работы, Джонас, я i Лота сустракаем яго, i тата звычайна гаворыць: "О, божа лiтасцiвы! Колькi ж гэта ў мяне дзяцей!"
Аднойчы мы схавалiся за вешалкай i сядзелi там цiхенька, дык тата сказаў маме:
- Што гэта здарылася, чаму так цiха? Цi мае дзецi захварэлi?
Тут мы i выскачылi з рогатам.
- Вы ж не палохайце мяне так, - сказаў тата. - Калi я вяртаюся дадому, дык павiнен стаяць лямант i гоман, iнакш я буду непакоiцца.
Аднойчы два грузавiкi сутыкнулiся на вулiцы якраз насупраць нашага дома, i лязгат быў такi, што Лота прачнулася.
- Што зрабiў Джонас на гэты раз? - запытала яна спрасонку. Лота была ўпэўнена, што ўвесь шум i лязгат iдзе ад Джонаса.
Лота - такая маленькая, i ў яе такiя тоўсценькiя ножкi, што нам з Джонасам вельмi падабаецца цiскаць яе. Але ёй гэта зусiм не падабаецца.
Лоце не падабаецца шмат чаго. На мiнулым тыднi яна кашляла, i мама прымушала яе прыняць лякарства. Але Лота сцiснула рот i затрэсла галавой.
- Ты такая дурненькая, - сказаў ёй Джонас.
- Я не дурненькая, - адказала Лота.
- Ты дурненькая таму, што не п'еш лякарства ад кашлю, - сказаў Джонас. Калi мне трэба было прымаць лякарства, я вырашыў адразу выпiць яго, i ўсё тут.
- А калi мне трэба прымаць лякарства, я адразу вырашаю не пiць яго, i ўсё тут, - адказала Лота.
Яна моцна-моцна сцiснула рот i пакруцiла галавой. Мама пагладзiла яе па галоўцы.
- Мая ты небарака, мая ты Лотачка, табе прыйдзецца ўвесь час ляжаць тут i кашляць.
- I добра, бо я зусiм не хачу спаць, - радасна адказала Лота.
Ведаеце, Лота ўвечары не хоча класцiся спаць. Я таксама не вельмi ахвотна раблю гэта. Але ў нашай мамы дзiўныя звычкi! Увечары, калi мы не хочам спаць, яна прымушае нас класцiся, а ранiцай, калi мы хочам спаць, яна прымушае нас уставаць.
