
- Ты не зможаш быць доктарам, - сказаў Джонас, - таму што ты не ўмееш напiсаць рэцэпт.
- Што я не ўмею напiсаць? - спытала Лота.
- Рэцэпт - гэта тое, што пiша доктар. Ён гаворыць табе аб тым, як ты павiнна даглядаць за хворымi дзецьмi, - адказаў Джонас.
Джонас ужо навучыўся пiсаць друкаванымi лiтарамi, хаця ён яшчэ не ходзiць у школу. Чытаць ён таксама можа. Але мы не пойдзем у школу, пакуль нам не споўнiцца сем гадоў.
Аднак мы прымусiлi Лоту легчы ў ложак i прыкiнуцца хворай.
- Як ты сябе адчуваеш, мая маленькая дзяўчынка? - спытаў Джонас. Ён гаварыў, нiбы доктар, якi прыходзiць да нас, калi ў нас адзёр.
- Хачу есцi, хачу есцi, хачу есцi, - паўтарала Лота. - Я раблю выгляд, што я пiрат.
- Не дуры! - крыкнуў Джонас. - Спынiся! Мы не дазволiм табе гуляць з намi, калi ты будзеш рабiць такое глупства.
Лота супакоiлася i зноў стала "хворай". Яна нават дазволiла нам налажыць павязку на руку, а таксама i на грудзi. Скрозь павязку на грудзях Джонас пачуў, што сэрца было вельмi хворае. А калi ён засунуў лыжку ёй у горла, то аказалася, што i горла было вельмi i вельмi хворае.
- Прыйдзецца зрабiць ёй укол, - сказаў ён.
Аднойчы, калi Джонас быў хворы, доктар рабiў яму ўколы, i ён хутка ачуняў, i вось таму ён хацеў зрабiць укол Лоце. Ён узяў цыравальную iголку, якая была вельмi падобна на iголку доктара.
Але Лота не хацела нiякiх уколаў, - яна брыкалася, пiшчала:
- Не хачу я гэтых уколаў!
- Ну, дурненькая, мы ж не ўзапраўду, - адказаў Джонас. - Я ж не збiраюся ўтыкаць у цябе гэтую iглу, цi ж ты не разумееш?!
- Усё роўна не хачу ўколаў, - енчыла Лота.
I мы амаль што спынiлi гэтую гульню.
- Але ж я ўсё-такi выпiшу рэцэпт, - сказаў Джонас. Ён сеў за стол i алоўкам напiсаў друкаванымi лiтарамi на шматку паперы, але ж я не магла гэта прачытаць. Вось што там было: "За хворай дзяўчынкай трэба даглядаць. Ёй павiнен зрабiць укол доктар Джонас Мартэнсан".
