
Ганна жыла пры брату.
Брат Аляксей быў сарваны цяжкаю працаю; часта, затаiўшы на твары пачуццё болю, ляжаў на палатках нiцма i маўчаў. А пасля, сярдзiты, упiкаў Ганну дармаедствам, а Ганна яго шкадавала - ведала злосць хворага чалавека. Не магла толькi гэтага самага Ганна дараваць братавай жонцы. I кожны дзень плакала Ганна. Кожны дзень плакала i братава жонка ад крыкаў Аляксея, кожны дзень у хаце была калатня.
Не падзеляць Аляксеевы дзецi чаго цi хто за абедам возьме большы кусок - з гэтага i пачынаецца. I столькi нагавораць, накрычаць, награзяць адзiн аднаму гэтыя людзi, што думаецца, што яны вялiкiя ўсе злачынцы, а яны толькi ахiлены нудою цёмнага жыцця.
I больш за ўсiх заўсёды плакала Ганна.
А Аляксей быў вечна надута-маўчлiвы - гэта хвароба i ўбогасць жыцця палажылi на яго гэты адзнак.
Праходзiлi днi. Усе яны былi вельмi падобныя адзiн на адзiн. I Ганна так, як i ўсе, хто жыў вакол яе, думала:
"Вось пражыву я гэты дзень, а там будзе другi, лепшы. Вось зраблю я гэтую працу, а там будзе другая, любiмая. Усё тое, што сягоння, - не настаяшчае, яно часовае, i яго трэба абы-як перажыць для таго, каб спаткаць тое лепшае, настаяшчае".
Гэта ўжо не была надзея, тая маладая надзея, якая была ў даўнейшыя гады, гэта было проста роўнае, нейкае тупое пачуццё не здаволенага жыццём чалавека.
Вакол, за працаю людзi далёка былi адзiн ад другога. А ў святыя днi выходзiлi яны на пыльную вулiцу. Тулiлiся к вымашчаным кастрыцаю прызбам. У нудных, доўгiх гаворках шукалi грахоў, недастачаў адзiн у аднаго. Усякi стараўся высмеяць за вочы другога. I нельга сказаць, каб гэта было са злосцi, - гэта проста было ад нейкай нуды жыцця...
III
Ездзiлi людзi на блiзкае поле канчаць апошнюю працу, а ў святыя днi больш яшчэ было доўгiх, калючых для другiх гаворак на гразкай вулiцы...
