
Ляжала ў Аляксея за хлявом куча падгнiўшага картаплянiку.
- Укiнь ты яго, Ганна, у свiнух, - сказаў вечарам Аляксей.
- Добра, - адказала Ганна, а пасля i забыла зрабiць гэта.
I назаўтра, у нядзелю, была з-за гэтага страшная калатня ў Аляксеевай хаце. Накiнуўся Аляксей з крыкам на Ганну, зноў пачаў упiкаць дармаедствам.
Злосцi ў Ганны не было, была толькi горкая крыўда. Сказала яна крыўднае слова Аляксею, а за Аляксея ўступiлася яго жонка, i тады пайшла Ганна з плачам з хаты. На парозе яна яшчэ раз азiрнулася са сваiм цяжкiм словам пакрыўджанай жанчыны.
- Ды i мая ж тут частка ёсць, i я ж тут таксама працую, а па-вашаму тут я як бы чужая? Я тут такая ж самая гаспадыня!..
Тады падбегла Аляксеева жонка i ўпiлiлася Ганне ў валасы. Ганна хацела баранiцца - з енкам падняла руку ўгору, ды падскочыў Аляксей i даў Ганне кулаком у плечы. I Ганна вырвалася i з плачам выбегла на вулiцу i пайшла па ёй, затулiўшыся вялiкаю хусткаю.
Было ў яе горка на душы, слёзы здаўлiвалi ёй горла. Жыццё здавалася непатрэбным, цяжкiм, i не хацелася жыць. Хацелася зрабiцца нiчым, не адчуваць нiчога, не бачыць гэтага жыцця.
I цi магла iначай думаць Ганна, калi ўсё жыццё для яе было ў гэтай вёсцы. Калi, апрача сваёй цёмнай хаты, нiколi нiчога яна не бачыла. Дзе магла дзецца яна?
На вулiцы былi людзi. Стаялi жанкi каля хат, сядзелi на прызбах.
- Ганна! - крычалi яны.
I Ганна скардзiлася iм, хацела выказаць iм сваё гора. Але не магла iм Ганна выказаць усяго, бо ў кожнай з гэтых жанок было нешта сваё, што мучыла яе толькi адну. Былi свае ўласныя сямейныя сваркi i непрыемнасцi. У кожнай з гэтых жанчын быў свой "гаспадар", якi не ведаў, як яму i дзе паказаць сваю сiлу, як бы паказацца спрытнейшым, лепшым, мацнейшым за другiх. Загэтым вось i чулiся часта па вёсцы жаночыя крыкi. I зноў жа гэта рабiлася не ад злосцi, а адтаго, што не ведаў чалавек, дзе i як паказаць сябе, як змянiць убогасць, гразную i нудную аднальковасць свайго жыцця.
