
I паволi перайшла Ганна па кладцы цераз рэчку i са сваiмi думкамi пайшла цiха па полi, у бок вёскi на тым баку. I ад думак нiчога не прыкмячала вакол сябе.
V
Ад вёскi гул разыходзiўся па полi - густы гул людскiх галасоў.
Ганна гэта чула, падыходзячы к вёсцы, i думала:
"Пэўна, б'юцца цi сварацца на вулiцы, а ўсе глядзяць з радасцю, што паглядзець ёсць на што".
I ўвайшла Ганна на вулiцу.
А там, на прызбе каля хаты i на зямлi, сядзяць людзi, сярод вулiцы грамадою стаяць. Многа народу - вёска ўся.
Падышла Ганна блiжэй.
I тут стала раптоўна цiха, а на прызбе стаяла ва ўвесь рост незнаёмая жанчына, адзетая ў сiнiм, падстрыжаная.
Усмiхалiся ядавiтымi ўхмылкамi бабы i мужчыны ў грамадзе, гледзячы на гэтую жанчыну. I чула Ганна ззаду галасы цiхiя:
- Бач, бач, пад'язджаць строiцца...
- Цiха, пачне зараз песеньку спяваць...
- Соладка спявае, ды горка слухаць...
- Што гэта тут? - запытала Ганна.
- Ды гэта з горада, ужо другi раз прыехала, лахудра гэтая; па вёсках строiцца аб'язджаць. Падгаварвае на нешта, - адказалi Ганне.
А другi голас прыбавiў:
- Усё ўбiвае ў голавы, што не гэтак, кажа, жыць трэба, як мы жывом... Тфу...
Працiснулася Ганна блiжэй к хаце, цiкавасць брала, - што скажа яна, калi гаворыць, што не так жыць трэба; чаму вучыць будзе?!.
I тая пачала гаварыць...
...Вось падышла Ганна яшчэ блiжэй, чуе добра вядомае ў словах "стрыжанай". Гаворыць яна пра цемнату жыцця, пра тую горкасць, якой поўна ў гэтым жыццi.
"I адкуль яна ўсё ведае? - мiльганула думка ў Ганны. - Няўжо i там недзе, адкуль яна прыехала, так сама людзi жывуць?"
А пасля чуе Ганна, чаму вучыць "стрыжаная".
