I кожная жанчына ўваходзiла ў сябе са сваiм уласным горам.

Ганна прайшла ўсю вулiцу. Асенняе поле глянула на яе сваiм дзiкiм адзiноцтвам. I яшчэ больш нудным паказалася Ганне жыццё, такiм нудным i адзiнокiм, як гэтае пустое, падгнiўшае ржышча.

IV

У голых i пажоўклых кустах, на нiзкiм беразе рэчкi села Ганна, адна са сваiмi думкамi. Чуць вiдна была вёска на тым баку, за полем. I адтаго, што стрэхi яе былi такiмi чорнымi i мiзэрнымi, адтаго, што такiмi адзiнокiмi здавалiся яны сярод поля, пачалi патроху знiкаць у Ганны крыўдныя i горкiя пачуццi ад свайго жыцця, а сталi наплываць думкi. Гэтыя думкi былi цяжкiя i непрасветныя для яе, цёмнай вясковай жанчыны, якая нiчога нiколi не бачыла, апрача вось гэтага дзiкага поля ды гнiлых саламяных стрэх, нiчога не чула, апрача папрокаў ды мужычай лаянкi.

I думала Ганна:

"Вось тут i там, пад гэтымi стрэхамi, жывуць людзi. Жывуць яны ў цемнаце i ў гразi, i многiя з iх думаюць, што толькi i свету, што тут, пад гэтымi шэрымi стрэхамi. У сваiм жыццi гэтыя людзi як бы ненавiдзяць адзiн аднаго - у хатах вечныя сваркi i папрокi, i нават бойкi. I той, хто другога крыўдзiць, i той, каго крыўдзяць, не рады гэтаму, аднак гэта бывае. Для iх абодвух усё гэта здаецца горкiм, бо ў сваёй цемры i гразi гэтыя людзi як бы ў палоне знаходзяцца свайго жыцця".

I раптам стала шкада Ганне ўсiх гэтых людзей. Прапала свая ўласная крыўда, зусiм прапала, без следу. I брат Аляксей, якi пабiў нядаўна яе, стаў родным i блiзкiм. Стала невыразна шкада яго, хворага i ад гэтага сярдзiтага чалавека; хворага ад вечнай цяжкай працы, хворага ад жыцця, якое ад дзядоў i прадзедаў цягнецца для чалавека, вось тут, у гэтых шэрых палях, не як радасць, а як смутак.

I далей думала Ганна:

"Што ж рабiць тут такое, каб зжыць гэта ўсё? Што мне сказаць тым людзям, каб уразумелi яны, што гэта ўсё ад цемнаты ў iх, ад беднасцi, ад гразi, ад убогасцi жыцця?! А нешта трэба рабiць, цягнуць некуды гэтых людзей..."



4 из 7