Орлов Владимир (2)

Разьвiтаньне зь Ленiным (на белорусском языке)

Уладзiмiр Арлоў

Разьвiтаньне зь Ленiным

Мы прыйшлi ў дзiцячы сад,

Бачым Ленiна пагляд.

Добры дзень, дзядуля Ленiн!

Прывiтацца кожны рад.

Прызнаюся, як на духу: грэшны, нiколi ня быў камунiстам i верным ленiнцам. Ня мог. А вось у КПСС - быў.

Уступаючы туды ў незабыўныя гады застою, я прыйшоў на пасяджэньне бюро гаркаму, дзе адбывалася таемства далучэньня да авангарду грамадзтва, у тэнiсцы зь пiкамi, звонкамi й iншаю картачнаю масьцю. "Как вы посмели явиться в таком наряде?! - задыхнуўся ад абурэньня нейкi стары бальшавiк. - Вы можете себе представить Владимира Ильича с картами в руках?"

Я прасьцей простага мог уявiць правадыра абяздоленых ня толькi з картамi, але й з кiлiшкам добрага каньяку цi вiна - дзе-небудзь у кавярнi на беразе Жэнэўскага возера цi пасьля паляваньня ў Шушанскiм.

Значна цяжэй мне было ўявiць, што, напрыклад, 19 сакавiка 1922 году Ўладзiмiр Iльлiч у сакрэтным лiсьце да Палiтбюро ЦК РКП(б), патрабуючы ўзмацнiць рэпрэсii супраць духавенства й вернiкаў, пiсаў: "чем большее число... удастся нам расстрелять, тем лучше".

Калi я з пачуцьцём вялiкае палёгкi здаў свой партбiлет i быў выключаны зь ленiнскае партыi "за отход от позиций марксизма-ленинизма", адна iдэёвая намэнклятурная дама ўгаворвала мяне "не оставлять партию в трудный момент". Пры гэтым яна спасылалася на майго бацьку-нябожчыка, што, як ёй чамусьцi здавалася, быў адданым ленiнцам. Мяркую, што я лепей ведаю свайго бацьку й мацi, якая таксама бязь сьлёз разьвiталася з "умом, честью и совестью эпохи". Падазраю, што ня толькi мае бацькi нiколi не вучылi ва ўсiм браць прыклад з Валодзi Ўльлянава. Ну й, вядома, не ў мяне аднаго анiколi, нават у хвiлiны замарачэньня не ставала натхненьня на тое, каб стварыць апавяданьне, як Ленiн любiў дзяцей, або скласьцi вершык цi паэмку пра тое, як Iльлiч чытае "Правду" цi "думае пра Беларусь".



1 из 7