I ўсё-такi кожны з нас воляй-няволяй дыхаў атрутнымi парамi акцябрацка-пiянэрска-камсамольска-парцейнай машыны. А таму яшчэ нядаўна дзядуля Ленiн уяўляўся нам, безумоўна, ня генiем усiх часоў i народаў (пра iнтэлектуальны ўзровень правадыра хораша сказаў адзiн з высланых iм за мяжу "контррэвалюцыянэраў" - М. Бярдзяеў), але, прынамсi, дзеячом, якога варта было чытаць i на якога ў дадзенай сытуацыi можна было спасылацца. Кажуць, яшчэ нейкiх пару гадоў таму кiраўнiк Саюзу пiсьменьнiкаў Латвii Янiс Пэтэрс сарваў аплядысмэнт, калi замест уласнае прамовы прачытаў на нейкай лiтаратурнай зборнi ленiнскi артыкул "Да пытаньня пра нацыянальнасьцi або пра "аўтанамiзацыю".

Мне здаецца, цяпер, калi бронзавы Iльлiч дзень пры днi набывае ўсё больш сваiх сапраўдных, чалавечых якасьцяў, Пэтэрс згадвае той выпадак не без пачуцьця нiякаватасьцi. Згадзiцеся, далiкатна кажучы, няёмка падмацоўваць сваю думку цытаткамi чалавека, якi (у адрозьненьне ад ягонага таленавiтага пасьлядоўнiка - крамлёўскага горца), ня тоячыся, пакiдаў шматлiкiя пiсьмовыя сьведчаньнi сваёй жорсткасьцi, заклiкаючы расстрэльваць заложнiкаў, прастытутак, сьвятароў, "кулакоў", "буржуяў", спэкулянтаў i iншых ворагаў.

Паводле маiх назiраньняў, людзi з розумам i жывым сумленьнем у нас, у Беларусi, Уладзiмiра Iльлiча ўжо год як не цытуюць. Дакладней, цытуюць, але ўжо як бы наадварот - разьвiтваючыся са сваёй аблудаю й засьцерагаючы ад яе iншых. Адну з такiх малавядомых пакуль што цытатак з напiсанай тав. Троцкiм ленiнскай бiяграфii хачу прапанаваць увазе верных ленiнцаў: "Это диктатура? Это манная кашка! - любiў паўтараць Iльлiч. - Русский человек - слишком добр. - Он не в состоянии принять решительные меры революционного террора. Тем не менее, необходимо попробовать..."

"Напробовались" усмак.

Ленiну пашанцавала памерцi адносна рана. Калi хочаце - своечасова. У тым сэнсе, што праз колькi гадоў яго маглi выкiнуць з краiны, як ягонага бiёграфа тав. Троцкага, або зрабiць - разам з Бухарыным, Каменевым, Зiноўевым i iншымi правадырамi рэвалюцыi - удзельнiкам гучных "адкрытых" працэсаў. Гадоў праз 50 яго б рэабiлiтавалi, а праз колькi месяцаў, як i ў выпадку зь iншымi бальшавiцкiмi верхаводамi, мы б задумалiся: навошта й дзеля чаго, калi за зьдзейсьненае iмi iх нiколi не рэабiлiтуе сама Гiсторыя?



2 из 7