
Што да носа Ўладзiмiра Iльiча, дык яму зляпiлi i прымацавалi новы, аднак у зiмовыя маразы ён сам сабою адвалiўся, што дало злым языкам магчымасць успомнiць брыдкую правадырову хваробу. Урэшце гарадскiя ўлады стварылi камiсiю, i тая выдала даведку пра нiзкую эстэтычную каштоўнасць манумента. У экспертным акце фiгуравала адметная фраза: "У памятника утрачен нос".
Карацей, ад Уладзiмiра Iльiча, як за трыццаць гадоў да гэтага ад Iосiфа Вiсарыёнавiча, што ўзвышаўся з другога боку школы, засталося адно ўтравелае ўзножжа.
А шкада, няхай бы правадыры стаялi.
