
Звесткi пра Нiну Мароз больш пэўныя. Яна стала жонкаю афiцэра-танкiста, якога закiнулi выконваць iнтэрнацыянальны абавязак у Афганiстан.
Пра мужа мне расказала сама Нiна, калi мы сустрэлiся ў горадзе нашага дзяцiнства i зайшлi ў кавярню "Буслы". Я даведаўся, што муж два разы прыязджаў у адпачынак i прывёз цэлы склад афганскiх кажушкоў i японскай апаратуры, што ёй здаецца, быццам ён колецца наркотыкамi, спiць з афганкамi марксiсцкай арыентацыi i хоча яе, Нiну, кiнуць, а можа, проста хоча загiнуць - падарвацца пасля карнай акцыi на мiне або нырцануць у туманную горную цяснiну на збiтым верталёце.
Пасля кавярнi мы слухалi прывезены з Афгана магнiтафон, i неяк само сабой здарылася тое, што калiсьцi не ўдалося мне ў кiнатэатры "Космас". Мая рука апынулася на цёплым i яшчэ не пастарэлым, у адрозненне ад твару, Нiнчыным калене i лёгка слiзганула вышэй.
- Я хачу на падлозе, - сказала, пазiраючы некуды ўбок, Нiна.
Мы любiлi адно аднаго на мяккiм, вiдаць, таксама трафейным варсiстым дыване пад зялёным таршэрам. Яе вялiкая радзiмка на левай шчацэ калолася трыма падстрыжанымi валаскамi, яе рукi i ногi ўмела абдымалi мяне, а вусны шапталi не заслужаныя мною пяшчотныя словы. Да зялёнага круга таршэравага святла падышоў i спакойна назiраў за намi персiдскi кот, а мой позiрк зноў i зноў натыкаўся на пакiнутыя танкiстам пасля адпачынку крывыя нажы, i я не мог пазбыцца думкi, што якраз такiмi нажамi дабiвалi недзе пад Гератам майго найлепшага школьнага сябра Юрку.
Ад таго вечара, калi нам з Нiнаю свяцiў зялёны таршэр, заставалася гады два да той пары, калi скасавалi навуку Юлiка Канапацкага, а правадыру працоўных, што стаяў каля нашай школы, нехта адбiў нос. Рыба нiякага дачынення да гэтага не меў, бо працаваў партыйным сакратаром у закрытым казахстанскiм горадзе, адкуль нешта запускалi, i горка шкадаваў пра iдэалагiчна грэшнае дзяцiнства, што не дазваляла iсцi ўгару хутчэй, чым атрымлiвалася.
