
Нястомная начная праца прытупiла пiльнасць, i хлапчук не заўважае, што яго ўжо даўно засеклi. Ён трапiў на вока мiлiцыi яшчэ каля помнiка Ленiну, якi тады i ў страшным сне не мог прыснiць, што здарыцца гадоў праз дваццаць з ягоным носам.
Прачытаўшы першую адрэдагаваную хлапчуком абвестку, двое мiлiцыянтаў шматзначна пераглянулiся i дазволiлi юнаму правапарушальнiку дзейнiчаць далей. Яны былi ў гуморы: у краiне разгортвалася змаганне з п'янствам, i ўчора ўвечары начальнiк гарадской мiлiцыi даверыў iм ганаровае заданне - завесцi на расстрэл у задзвiнскi лес два дзесяткi тутэйшых жлукталёў. Мiлiцыянты вырашылi браць злачынцу на гарачым тады, як "расстраляныя" дабрыдуць да горада. Да таго часу, па iхнiх разлiках, ён павiнен быў ухадзiцца з усiмi аб'явамi.
Калi рыбакi выцягнулi першага соннага курмеля, а з таго боку, дзе за ракой, над лесам, тырчэлi трубы мясцовага гiганта нафтахiмii, з'явiўся на мосце бязладны збой "расстраляных" п'янюгаў, у гэтую самую хвiлю хлапчук са сцiзорыкам бездапаможна таргануўся i павiс на руках у мiлiцыянтаў каля апошняй апрацаванай афiшы. "Укусiш, сука, - урэжу па нырках, - на ўсякi выпадак незласлiва сказаў сяржант. - Усё жыццё юшкай сцаць будзеш".
Праз колькi гадзiн у адной з гарадскiх школаў быў склiканы агульны сход.
Герой мiнулае ночы сядзеў на першым радзе побач з маладжавай кабетаю ў форме. Гэта была добра вядомая ў наваколлi iнспектарка дзiцячага пакоя мiлiцыi Луiза Сцяпанаўна. Днямi яна выступала перад старшакласнiкамi з лекцыяй аб прафiлактыцы правапарушэнняў, i вучань дзевятага класа Валодзя Паповiч падняў руку i запытаўся, цi перадаецца трыпер праз пацалунак, за што быў неадкладна пастаўлены на мiлiцэйскi ўлiк.
Цёплыя сонечныя промнi падаюць на наглядную агiтацыю з поснымi тварамi будаўнiкоў камунiзму. Па шэрагах пiянераў i школьнiкаў лётае туды-сюды навiна: "Рыбу павязлi". За што - нiхто яшчэ дакладна не ведае. Адны кажуць, што Рыба а менавiта з такой мянушкаю ходзiць па зямлi начны лiхадзей - напiсаў на помнiку Ленiну кароткае мацернае слова, другiя гатовыя прысягнуць, што гэта ён на мiнулым тыднi павесiў на таполi пад вокнамi дырэктарскага кабiнета ката з прымацаванай да хваста абвесткаю: "Он помогал партизанам".
