Сам Рыба важыць носам табаку. Яго вялiкая, стрыжаная пад канадку галава падае на грудзi. З курцiка пазiрае на залу пераведзены праз трафарэтку пеўневы профiль Д. Ленана. "Хто гэта такi?" - злавiўшы Рыбу на лесвiцы за вуха, запытаўся неяк дырэктар. "Ленан", - лаканiчна адказаў Рыба. "Нешта ён на Ўладзiмiра Iльiча не падобны", - засумняваўся дырэктар, але чалавек з пэўнай фантазiяй мог убачыць на выцвiлым партрэце не тое што Ленiна, а нават Мао Цзэ-дуна, i дырэктар адпусцiў Рыбава вуха на волю.

Тым часам педагогам удаецца ўгамаваць залю, i ў дзвярах з'яўляецца дырэктар школы Iвановiч.

У ягоных бацькоў было iншае прозвiшча. Iншае прозвiшча меў да нядаўняга часу i сам дырэктар, але пасля апошняе вайны на Блiзкiм Усходзе ён напiсаў куды трэба заяву, што не хоча мець з агрэсiўнымi адзiнакроўцамi анiчога агульнага, нават iмя.

Той, хто разглядаў заяву, лiтасцiва дазволiў Кiпервасару зрабiцца Iвановiчам, а вось з iмем атрымалася замiнка. Магчыма, магутныя людзi, што накладалi на такiя заявы рэзалюцыi, проста ўсёй сваёй асмяглай душою паважалi старога Iзю, якi яшчэ летась налiваў каля рынку пiва ў шчарбатыя кухлi i якi ў далёкiя дваццатыя назваў сына Абрамам. А магчыма, яны, гэтыя магутныя людзi, мудра разважылi, што ўчарашняга Кiпервасара небяспечна выпускаць у агульную сажалку з астатнiмi Iвановiчамi, Iвановымi ды Iваноўскiмi, а таму трэба яго, так бы мовiць, акальцаваць, каб у патрэбны момант доўга не важдацца з сачком. Вось вам, маўляў, Iвановiч, але - Абрам.

Абрам Iзрайлевiч iдзе па праходзе, трымаючыся за сэрца, i на хаду кiдае завучу загадкавыя фразы: "Ну хоць бы чэмпiянат вобласцi, ну рэспублiкi... Але СССР..."

Напiўшыся нейкiх пiгулак, дырэктар выходзiць на сцэну. Ягоны заўсёдны iнстытуцкi ромбiк на мышыным гарнiтуры ад хвалявання перакасiўся. У руках у Абрама Iзрайлевiча скручаная ў трубку вялiкая паперына. На высокiм дырэктаравым iлбе, якi неўпрыкмет пераходзiць у шыкоўны плех, застылi тры глыбокiя зморшчыны, падобныя да трох чаек, што ўзлятаюць дакладна адна над адною.



3 из 12