Гэта яна, Нiнка, была аўтаркаю славутага выслоўя: "Я буду належаць толькi свайму мужу".

Магчыма, на Нiнчына маральнае аблiчча наклала адбiтак тое, што яна даводзiлася дачкою начальнiку гарадскога аддзела мiлiцыi. Таму самаму, што вынайшаў задзвiнскiя расстрэлы п'янiцаў.

Вынаходка была да генiяльнага простая. Падабраных на вулiцах i ў парку жлуктаў адразу сартавалi. Ляжачых везлi ў выцвярэзнiк, а хадзячых збiралi на ўнутраным мiлiцэйскiм падворку побач з клеткамi службовых сабак. Да п'янiцаў выходзiў Нiнчын бацька.

- Што будзем рабiць, таварыш палкоўнiк? - кiваючы на п'яны кантынгент, сурова пытаўся дзяжурны па аддзеле. - Можа, сабак спусцiм?

Службовыя сабакi заходзiлiся пры гэтых словах жудасным брэхам, а п'янюгi прыкметна цверазелi.

- Адставiць сабак!

На двары западала маўчанне, i ў iм цiхiя стамлёныя словы начальнiка мiлiцыi гучалi, быццам пiсталетныя стрэлы.

- Расстраляць усiх на х..., каб не псавалi наш сацыялiстычны горад.

Пасля гэтага небаракаў запiхвалi ў машыны, адвозiлi на дзесятак кiламетраў ад горада i "расстрэльвалi" на лясной галявiне з пiсталетаў халастымi патронамi. Мiлiцыя ад'язджала, а "расстраляныя", некаторыя з мокрымi штанамi, усю ноч валаклiся па шашы дамоў. Скардзiцца на Мароза баялiся, але гiсторыя неяк выплыла на свет, i Нiнчынага бацьку адправiлi вучыцца ў Маскву ў мiлiцэйскую акадэмiю.

"Я буду належаць толькi свайму мужу", - чуў ад Нiнкi кожны, хто асмельваўся нават на самыя бяскрыўдныя прапановы. Аднойчы ў дзесятым класе я, натхнiўшыся яе даўгiмi смуглявымi ножкамi, што раслi, здаецца, ад самых вушэй, i дзiвоснай аксамiтава-брунатнай радзiмкаю памерам з капеечную манету на левай шчацэ, адолеў сваю прыродную сарамяжлiвасць, падышоў да Нiнкi на перапынку i з усмешкаю закаханага блазна выцiснуў з сябе некалькi пакутлiвых слоў, каб таксама пачуць пазбаўленае нават намёку на ўзаемнасць "Я буду належаць...". Можна падумаць, быццам я прапаноўваў ёй аддацца мне проста на школьнай парце цi ў гардэробе пасля заняткаў, а не схадзiць на вечаровы сеанс у кiнатэатр "Космас", дзе я, паводле свайго адчайнага плана, меўся ўсяго толькi пакласцi руку на яе нясцерпна круглае калена.



5 из 12