Памятаю, маё юначае пачуццё настолькi пахiснулася, што я паабяцаў гаспадынi цудоўных ножак напiсаць на сцяне ейнага дома "Тут жыве Нiнка, якая будзе належаць толькi свайму будучаму мужу", а ўнiзе дадаць: "Але гэта мы яшчэ паглядзiм".

Такi самы мемарыяльны надпiс можна было зрабiць i на нашым менскiм студэнцкiм iнтэрнаце, бо там жыла Вера Кропелька. Апрача акуратных канспектаў, раскошнай касы, што спускалася да таго месца, дзе Верына спiна губляла сваё гордае найменне, i процьмы iншых станоўчых якасцяў у Веры таксама быў пункцiк наконт таго, каму яна будзе належаць, прычым фармулёўка слова ў слова паўтарала Нiнчыну, што давала падставы падазраваць абедзвюх у плагiяце.

Што сталася з жаночым credo Нiны Мароз, я скажу трохi пазней. А Вера Кропелька, дзякуючы яшчэ аднаму насельнiку нашага iнтэрната, трапiла ў неафiцыйную гiсторыю роднага факультэта.

Гэтага насельнiка звалi Юлiк Канапацкi, i да чацвёртага курса ён пад дабратворным уплывам суседзяў па пакоi са стараннага студэнта, што глядзеў на выкладчыкаў, ловячы ротам мух, ператварыўся ў сваю процiлегласць i почасту, уладкаваўшыся на самым версе аўдыторнага амфiтэатра, проста на лекцыi высмоктваў праз саломiнку пляшку, а то i дзве некалекцыйнага вiна.

У тым слынным пакоi, дзе я прайграў у карты левы чаравiк, якi потым выкупляў за палову стыпендыi, вёў рэй Вiця Кiшко. Вельмi нават магчыма, што ён быў нашчадкам магутнага роду беларускiх магнатаў Кiшкаў, якiя выславiлiся як каралеўскiя кухмiстры, гетманы, дыпламаты i мецэнаты.

Вiця быў шчодра надзелены iншымi здольнасцямi. Прапанаваная кiмсьцi мянушка - Магнат - ад яго адразу ж адляпiлася. I прычына, мабыць, хавалася не толькi ў тым, што Вiця перакруцiў фамiльнае прозвiшча на французскi капыл.



6 из 12