Трактар вырваўся з кустоў, раскоцiста пад'ехаў да вады i з кабiнкi вылезьлi спачатку дзядзькавы сусед Лёшка Мандрык, а потым браты Бадуновы Юрка ды Пецька. Дрымота зьляцела з павекаў, Макар стаў ва ўвесь рост, засьвiстаў у чатыры пальцы i хлопцы на беразе, прыклаўшы да брывоў далонi, засьвiсталi ў адказ. У наступнае iмгненьне Макар схапiў фанэрыну i стаў энэргiчна заграбаць ля кармы, забыўшыся на "катвiгу", якая не давала лодцы зварухнуцца зь месца.

- Стая-аць! - галёкнуў Лёшка Мандрык, калi лодка шарханула дном аб прыбярэжны пясок: Лёшка два разы цягнуў лямку на аршанскай зоне i, пры сустрэчы, заўсёды гукаў альбо гэтае слова, альбо яшчэ больш кароткае: "Сюд-да-а!"

Прыяжджаючы ў Бычкi, Макар часьцяком спансiраваў мясцовых хлопцаў, таму тыя i ўзрадавалiся, убачыўшы спансэра, i не пасьпеў той выйсьцi з лодкi, як яны рынулi ў ваду i зь вясёлымi мацюкамi ўсьцягнулi пласкадонку на бераг.

Пад'ехалi бычкоўцы не з пустымi рукамi. Малодшы з братоў, трыццацiгадовы Юрка, залез у кабiну, перадаў брату шэсьць "фугасаў", а потым, папоркаўшыся ў "бардачку", шпурнуў у ваду - каб спаласнуць - алюмiневую конаўку.

Убiўшыся ў цянёк, Лёха Мандрык адкаркаваў сьцiзорыкам "фугасiну", скоса глянуў на iнтэлiгента i Макар, перахапiўшы пагляд, растлумачыў:

- Тамарчын муж. У газэце працуе.

Лёха напоўнiў конаўку, перадаў Тамарчынаму мужу, але той страсянуў галавой.

- Пакрыўдзiць хочаш? - вусьцiшна прасiпеў Мандрык i гарадзкi госьць, намацаўшы пасудзiну, стаў глытаць трунак, дробна стукаючы па конаўцы зубамi.

Вiно - хахляцкае "Яблучне" - пiлi нетаропка, з бадзёрым крэканьнем, са штохвiлiнным прыпальваньнем цыгарэтаў i з гэткiм жа штохвiлiнным ляпаньнем па карках: тут, у цяньку, лютавала камарэча. Кожнага разу, глынуўшы "чарвiўкi", Лёха пачынаў апавядаць пра калгаснага старшыню, але, ляпнуўшы па карку i мацюкнуўшыся, зьбiваўся на iншыя тэмы. I вось, вылiўшы ў конаўку рэшты вiна з апошняй пляшкi, Лёха абвесьцiў, што заўтра ж спалiць катэдж, якi старшыня пабудаваў на ўскраiне Азярышча i, працягнуўшы конаўку гарадзкому госьцю, наставiў на таго ашклянела-патрабавальныя вочы. За ўсю бяседу Тамарчын муж не прамовiў нi слова, але цяпер, адчуўшы, што трэба нешта сказаць, з урачыстай павольнасьцю ўзяў конаўку, iкнуў, пралiўшы трунак, i малiцьвенна прастагнаў:



18 из 20