- Фу ты, йо... Цягнуць трэба было, а ня тузаць, - Макар са стогнам перавёў дых, а паглядзеўшы на швагра, безнадзейна махнуў рукой: швагра стаяў на кукiшках, утрапёна пазiраючы ў ваду.

- Думаеш цяпер рукамi злавiць?

- Акуляры звалiлiся, - уздыхнуў небарака-швагер i Макар упершыню пашкадаваў, што выправiўся на гэтую чортаву рыбалку.

Дастаць акуляры з вазёрнага дна было ня так проста. Калi Макар зьмераў глыбiню, дык вудзiльна панурылася ў ваду па самы вяршок.

"Не дастану, дык хоць скупнуся", - падумаў тады Макар, сьцягнуў штаны i сiгануў у празрыстае, аж да прадоньня, Гатаўскае возера.

Выпусьцiўшы з грудзей паветра, ён схапiўся за нейкую сьцяблiну i адзiнае, што пасьпеў угледзiць, дык гэта кансэрвовую бляшанку, якая жоўтай плямай калыхнулася на дне.

- Фу, бля... глыбака, бляха... - задыхана вымавiў Макар, ухапiўшыся рукою за край лодкi.

Пару хвiлiн ён аддзiмаўся, сплёўваў твань, потым нырнуў, кульнуўся ўнiз галавою, з сiлаю адштурхнуўся нагамi ад лодкi. На гэты раз ён нiчога ня ўбачыў, а ўсплываючы, грукнуўся галавой аб днiшча. Удар атрымаўся такiм хвацкiм, што Макар, магчыма, iзноў пайшоў бы на дно, калi б перапужаны напарнiк не схапiў яго за чупрыну.

... Набiўшы вялiзны гузак на макаўцы, ён доўга ляжаў у лодцы, падсунуўшы пад галаву кашулю i насуплена пазiраў то на высокае неба, то на прагнутую, зьлёгку пачырванелую шваграву сьпiну. Лавiць рыбу прапала ахвота, да таго ж напарнiк без акуляраў нiчога ня бачыў; прапала ахвота й пацьвельваць гэтага ёлупня, таму Макар i ляжаў незварушна, маракуючы, што на наступным тыднi iзноў давядзецца ехаць на пiльню i што заўтра трэба будзе паглядзець валёнкi, якiя прывёз Базыль, выбраць меншыя i зрабiць мацi апоркi. Неўпрыкмет навалiлася дрымота. Макар пазяхнуў, накрыў твар кашуляй, зьбiраючыся задрамаць, ды тут левае вуха казытнула напятае ракатаньне. Ракатаў "беларус" - ехаў ад бальшака да возера, прычым напрасткi, кустамi, бо чутна было, як трашчала ламачча. Макар ссунуў з вачэй кашулю, зiрнуў на бераг.



17 из 20