
- Праверка едзе... трэба прыхаваць, - гукнуў з кабiнкi прапар Базыль, якому яны будавалi лецiшча непадалёку.
Аддзьмуўшыся, сталi цягаць майно ў недабудаваны гараж, потым, страшэнна стамлёныя, пiлi прывезенае прапарам "Амарэцi" i скончылi пiць апоўначы, калi Сьцяпук, голасна iкнуўшы, панурыўся галавою ў кучу габлюшак.
- ...А зараз вiншаваньнi сямiдзесяцiгадовым юбiлярам...
У калiдоры скрыгатнуў ключ, рыпнулi дзьверы, стоена бразнулi малочныя бутэлькi. Гэта мацi вярнулася з крамы.
Кожную нядзелю было адно i тое ж: пахмельная замарач, сямiдзесяцiгадовыя юбiляры, бразгат малочных бутэлек уперамешку з матчыным буркатаньнем i зыркае сьвятло, што лезла, працiнаючы жоўтыя шторы, ня толькi ў вочы, але i ў душу. Атрутная жоўць выцягвала духi, а мiж тым вочы праглi васiльковага неба, вазёрнага блакiту; душа прагла спачыну й Макар, падумаўшы - цi ня зьезьдзiць яму да дзядзькi, з вохканьнем падняўся на ногi.
Увесь час, пакуль ён пiў кампот з рандолi, мацi стаяла пасярод кухнi, з маўклiвым дакорам хiтала галавою. Чакала, вiдаць, што сын скажа нешта ў сваё апраўданьне, а калi сын выцер вусны, плаксiва прашаптала:
- Ужо i рукi трасуцца...
У прыбiральнi Макара хiтнула, ён схапiўся рукой за трубу й доўга глядзеў пад ногi, дзiвуючыся таму аб'ёму вадкасьцi, што назапасiлася ў мачавым пузыры.
- Дома будзеш, цi пойдзеш куды? - запыталася мацi, калi сын выкулiўся з прыбiральнi.
Макар зайшоў у спальню, зiрнуў пад ложак, шукаючы штаны i, не ўздымаючы вачэй, працэдзiў:
- Да дзядзькi паеду.
Як на здаровую галаву, дык ён бы падумаў, перш чым сказаць такое, а тут ляпнуў, прыкусiў язык, ды было позна. Мацi схамянулася, паправiла на галаве хусьцiнку, усё тым жа плаксiвым голасам прасьпявала:
- Мака-арка... Ты ж гэтага вазьмi-i...
