"Гэтым" мацi называла свайго зяця.

- Ат! - адмахнуўся Макар, падымаючыся на ногi, - хай зь iм Тамарка разьбiраецца. У мяне сваiх турбот...

- Вазьмi, - перабiла мацi, - год прашу... хоць бы раз матку ўважыў.

Слухаць усё гэта, ды яшчэ з бадуна, было сьмерцi падобна. Таму Макар сьпехам насунуў спартовыя шаравары - нагавiцы, у якiх быў учора, некуды зьнiклi, - паклаў у кiшэню пару тысячаў i, перакрывiўшыся ад бразгату вядра ў прыбiральнi й матчынай зьвягi: "Iзноў засцаў падлогу!" - рушыў на вулiцу.

Лiпеньскiм ранкам, калi сонца пячэ як мае быць, калi ўваччу пырхаюць чорныя мятлiкi, а сэрца працуе на халастых абаротах - самы раз памерцi. Трэба толькi сысьцi з ходнiку, павалiцца на колкую траву пад таполяй i-i... - бывай, душа! Ляцi ў iншы сьвет!

Душа адляцiць, а ты будзеш ляжаць - нерухомы, з задзёртай калашыной, i калi цень ад таполi перапаўзе зь сiняй лыткi да загарэлага плеху, на ходнiку спынiцца сухарлявая бабуля. Бабуля стане на дыбкi, заклапочана страсяне пустой сумкай, а каржакаваты, зьлёгку падпiты дзядзька, якi будзе iсьцi мiма, сiпла зазначыць:

- Зараз мянты абудзяць.

"Мянты" зьявяцца адвячоркам, калi памутнелае сонца схаваецца за дахам суседняга дома. Малады мiлiцыянт рашуча схопiцца за сiнюю лытку, потым адхiнецца, зачапiўшыся фуражкай за вецьце. Вакол дрэва пачнуць зьбiрацца людзi, i чырвонатвары сяржант, нядобра зырнуўшы на натоўп, кароткiм мацюгом канстатуе:

- Канец.

Быў момант, калi Макар ужо зьбiраўся павалiцца пад куст, бо сьвет хiтнуўся ў вачох i слых напоўнiўся замарачным шумам, але, угледзеўшы пасярод небясьпечна нахiленай вулiцы двух хлопцаў з пiўнымi торбамi, роспачна крыкнуў:

- Дзе даюць?!

- У "камсе"! - адказалi хлопцы й Макар, змахнуўшы лiпкi пот з лоба, зразумеў: ад сьмерцi яго можа ўратаваць глыток халоднага пiва.

У двары ўнiвэрмага "Камсамольскi" было як нiколi шматлюдна. Рабацягi з навакольных дамоў (усе скрозь у лiнялых "спарцiўках"); вайсковыя пэнсiянэры (у тэпцях на голую нагу i ў пакамечаных капронавых капелюшах); хлопцы-пэтэвушнiкi (iхныя стрыжаныя патылiцы прыкметна вылучалiся на тле загарэлых лысiн) i, нарэшце, мясцовыя алкашы (з тварамi, такiмi ж шэрымi, як хлапечыя патылiцы i такiмi ж пакамечанымi, як капелюшы) шчыльным кальцом атачалi пiўную бочку.



3 из 20