
Мне праглася, каб усё гэта ўбачыў i адчуў мой сябар Юрка. На схiле жнiўня мы сядзелi на беразе Палаты недалёка ад старых Ксавэр'еўскiх могiлкаў i па чарзе пiлi з рыльца прывезенае Юркам з Закарпацця п'янкое маладое вiно.
З некалькiх асцярожных Юркавых слоў вынiкала, што пачуццё да суседкi па парце вытрымала праверку часам. Мяне гэта не ўсцешыла. Тымi днямi я ажно двойчы сустракаў Ларысу з Окаркам.
Першы раз яна толькi прысутнiчала сярод дваровай публiкi, што слухала Валеркавы песнi пад гiтару. Калi я праходзiў паўз альтанку, адтуль даносiўся ягоны прыемны чысты голас:
У не-е-й такая маленькая грудь,
А губы, губы алые, как маки.
Уходит капитан в далекий путь
И любит девушку из Нагасаки...
Другi выпадак быў не такi бяскрыўдны. Да ачмурэння нарэзаўшыся на даху нашага дома ў карты, мы выправiлiся ў кiнатэатр "Радзiма". Следам пацягнуўся сын п'янiцаў з першага пад'езда Ваня Шпакаў, вучань 4-га класа з букетам самых сумнеўных схiльнасцяў. Ваня ўжо стаяў на ўлiку ў мiлiцыi - за тое, што скруцiў нiпелi ў аўтобусе з узбекскiмi артыстамi, якiя выступалi ў Полацку пасля знакамiтага ташкенцкага землятрусу.
