Ларыса была, як я кажу цяпер, зусiм не маiм кубкам кавы, ды гэтая тонкая, але без нiводнага вугалка цi вострае костачкi, уся зграбная i гнуткая, як ласка, дзяўчынка з кароткай каштанаваю грыўкай, спакойнымi лiнiямi правiльнага твару i нечакана свавольнымi мушкамi ў вялiкiх арэхавых вачах магла, безумоўна, падабацца не толькi Юрку. Вяртаючыся ў той час, я думаю, што з iх атрымалася б добрая пара. Убачыць побач з Ларысаю Юрку мне даволi проста: адзiнае ў класе вольнае месца чакала новенькую менавiта за ягоным сталом. Варта дадаць, што Юркавай абраннiцы вам было б цяжкавата ўтлумачыць, што такое жаночая сарамяжлiвасць. На развiтальнай вечарыне перад вакацыямi яна запрасiла суседа па парце на дамскi танец (гэта рэабiлiтавала яе ў маiх вачах за папярэдняе танга з Окаркам) i сама прапанавала Юрку правесцi яе дадому.

Магiчным словам для ўваскрашэння галоўных падзеяў таго лета з усiмi iх барвамi i пахамi для мяне заўсёды будзе "Адэса". Мы з бацькам прабавiлi там два жнiвеньскiя тыднi, жывучы ў гатэлi "Пасаж" на Дзерыбасаўскай, адкуль прыехаў у Полацак надзейна схаваны сшытак вершаў пра карыя iлюмiнатары, шкляныя вочы медузаў, трамваi на Аркадзiю i хваляломы ланжэронскiх пляжаў.

Большая частка згаданай рыфмаванае прадукцыi мела страшнае прысвячэнне ГБ, што, зрэшты, расшыфроўвалася зусiм мiрна: Галi Бяляўскай. У першы адэскi дзень я зачапiў за плаўкi асадку i паплыў да далёкага буя, што быў абраны дзеля ўвекавечвання iмя маёй меднавалосай каханкi. У вадзе шарыкавая асадка адмовiлася пiсаць, але, змагаючыся з хвалямi, я ўсё ж вывеў запаветнае iмя на чырвоным баку вяртлявага буя, а потым употай ад бацькi запiў ладную порцыю марской вады шклянкаю белага вiна з пляжнай бочкi i ў шчаслiвай хмельнай знямозе заснуў пад сонцам на гарачым жвiры.

А яшчэ кожны вечар



11 из 18