Чакаючы ў тую суботу Ларысу, ён зрабiў вусцiшнае адкрыццё: схоўка за цёмна-зялёнымi тамамi "Сусветнай гiсторыi" была пустая. Хтосьцi з бацькоў знайшоў пляшку i захапiў яе на летнiк. Грошай на яшчэ адну ў Юркi не хапiла. Гонар не дазволiў яму нi адчынiць Ларысе дзверы, нi з'явiцца ў класе. Калi Юрка апавядаў пра гэта, яго калацiла як у лiхаманцы. Мяне дасюль здзiўляе, што ён наогул здолеў расказаць пра сваю драму.

Я не прыдумаў нiчога лепшага, чым засмяяцца i сказаць, што людзей з такiм самалюбствам, напэўна, адзiн на мiльён. Гэта аказалася жудаснай памылкаю, хоць, далiбог, я i сёння не ведаю, як павiнен быў паводзiцца.

Там, на нашай лавачцы над ракой, я гаварыў яшчэ нешта - што Ларыса ўсё зразумее, што ён, Юрка, выключны чалавек, што я веру ў iх каханне i нашае сяброўства. Сустрэўшыся з iм вачыма, я здрыгануўся: ягоны твар зрабiўся мёртвай пагардлiвай маскай. Юрка падняўся i, злёгку пакланiўшыся мне, прамовiў: "Вы свободны, сударь". Я i зараз бачу, як ён, рослы i сутулы, з паднятым каўняром брунатнага плашча, брыдзе па беразе ў сутонне, назаўсёды аддаляючыся ад мяне, i за iм бяжыць абчапляны ваўчкамi здзiчэлы белы дварняк.

Пасля выхадных класны паведамiў, што бацькi перавялi Весялова ў iншую школу.

Потым мы сустракалiся адно выпадкова i нiколi не размаўлялi. Дый што я мог яму сказаць? Што Ларыса "ходзiць", як гэта тады называлася, з Окаркам i што ён заняў у класе Юркава месца каля сярэдняга вакна? Альбо што неяк мы гулялi з Окаркам у настольны тэнiс i, застаўшыся з iм адзiн на адзiн, я з халадком нянавiсцi пад сэрцам удавана абыякавым тонам запытаўся, што ў яго з Жылкiнай, а ён з нахабным спакоем, дапытлiва пазiраючы мне ў вочы i расцягваючы словы, адказаў:



14 из 18