
"Е...сь... Нае...сь и выкину. А хошь - тебе отдам".
За такi адказ трэба было кiнуцца на Окарка з кулакамi, але я ведаў, што ён паўсюль ходзiць з ножычкам. Другi "гусь", Iгар Гарачоў, той самы, што хварэў у восьмым класе на ганарэю i пасадзiў настаўнiка працы на цвiк, ужо сядзеў за групавое згвалтаванне саракагадовай жанчыны са шклозавода, якую гвалтаўнiкi, такiя ж падлеткi, як Iгар, злавiлi перад начной зменай i, заклеiўшы рот пластырам, зацягнулi ў будаўнiчую бытоўку. На судзе ён трымаўся героем i адмовiўся прызнаць сябе вiнаватым на той падставе, што нiчога не рабiў, а ўсяго толькi трымаў "цётку" за нагу.
У красавiку ў Ларысы нарадзiўся дзiцёнак. У нашай школе гэта быў другi выпадак. Летась дзесяцiкласнiца Iрка Кляпацкая нарадзiла маленькага япончыка ад кагосьцi з замежцаў, што наладжвалi абсталяванне на нафтаперапрацоўчым заводзе. Мая Галя сказала, што дзiця ў Ларысы атрымалася сямiмесячнае i што, як нi дзiўна, гэта якраз добра, прынамсi, значна лепей, чым калi б яно прыйшло на свет на месяц пазней.
У адрозненне ад Iркi, якая ўжо ў радзiльнi адмовiлася ад малога i здавала з аднакласнiкамi выпускныя экзамены, Ларыса пакiнула дзiця сабе i ў школу не вярнулася. Пад час экзаменаў яе можна было ўбачыць з каляскаю ў парку культуры i адпачынку iмя 50-годдзя "Великого Октября". Шчаслiвы татуля тады ўжо цягнуў тэрмiн, бо аднаго разу ў традыцыйнай суботняй бойцы пад таполямi каля танцпляцоўкi пусцiў у ход свой ножык, але не патрапiў уцячы ад мiлiцэйскага нарада. Калi я сустракаў Ларысу з малым, мне заўсёды думалася, што яе сын вырасце, парэжа каго-небудзь ножычкам i ўслед за бацькам пойдзе на зону.
Далейшыя звесткi пра Юрку Весялова не вылучаюцца паўнатой.
Ён таксама вучыўся ў Менску, аднак не на журналiстыцы ва ўнiверсiтэце, як марыў, а чамусьцi ў полiтэхнiчным на архiтэктуры, i мы не бачылiся. Адзiным выключэннем стаўся той раз, калi я адносiў Юрку перададзеныя з дому грошы.
