
Усе ложкi ў Юркавым iнтэрнатаўскiм пакоi былi занятыя: на чатырох спалi апранутыя хлопцы, а на пятым, абняўшыся, як кацяняты, - зусiм голы Юрка i гэткая ж голая рудая дзяўчына настолькi вульгарнага выгляду, што яе адразу хацелася назваць бабай. На засланым газетамi стале сумавалi дзве патэльнi з застылым тлушчам i тры цi чатыры пустыя гарэлачныя пляшкi. Мне ўдалося раскатурхаць Юрку, а яму - нейкiм дзiвам, нягледзячы на маладую бараду, пазнаць мяне. Ледзьве варочаючы языком, ён растлумачыў, што сёння свята дзень птушак, i, не падымаючыся з ложка, паказаў пальцам на насценны каляндар юнага натуралiста. Ягоная сяброўка перавярнулася ў сне на другi бок, i толькi тады, з цяжкасцю злавiўшы мой позiрк, Юрка пагладзiў яе па белым азадку i прыкрыў той разам з астатнiмi пышнымi вабнотамi коўдраю. "А табе - во!" тыцнуў ён мне пад нос дулю i палез пад коўдру сам.
Перад адыходам я паспеў заўважыць, што адзiн з Юркавых суседзяў не проста спаў, а быў моцна прытарочаны да ложка вяроўкаю. Распускаць марскiя вузлы я на ўсякi выпадак не стаў.
Тады я вёў дзённiк, дзе ўражаннi ад гэтага новага Юркi ўвасобiлiся ў вобразе (думаю, не надта ўдалым i дакладным) зламанага гадзiннiка.
Напэўна, каляндар юнага натуралiста, паводле якога жыў Юркаў пакой, меў шмат святаў, бо праз нейкi час да мяне дайшла чутка, што, ратуючыся ад выключэння, Юрка ўзяў акадэмiчны адпачынак.
Жыццё ўжо даўно круцiла нас па такiх далёкiх арбiтах, што, атрымаўшы на апошнiм курсе лiст з вайсковым штэмпелем, я хутчэй паверыў бы ў тое, што пра маю персону ўспомнiў раптам сам мiнiстр абароны, чым у тое, быццам мне можа напiсаць Юрка Весялоў.
Штэмпель быў маскоўскi, але лiст прыйшоў з Афганiстана.
Можна здагадвацца, у якiх шчамлётках адзiноты i безнадзейнасцi апынуўся Юрка, калi - i гэта з ягоным характарам - называў мяне ў лiсце адзiным сябрам.
Палова тэксту на двух лiстках з вучнёўскага сшытка ў кратку засталася пад беспрасветным цэнзарскiм атрамантам. Найбольш iстотным у ацалелай частцы была згадка пра Валерку Акаркова. Юрка пiсаў, што, калi яму давялося ўпершыню страляць у афганца, ён уявiў перад сабой Окарка.
