
Калi праз iмгненне я адкрыў вочы, Юрка стаяў на тым баку прадоння. Мяне цягнула апусцiцца на чатыры кропкi i перапаўзцi гэтыя метры на карачках. Няхай у далонi i ў каленi ўвап'ецца тысяча стрэмак - выцягваць iх у параўнаннi з гэтай хвiлiнаю будзе суцэльнаю слодыччу.
Мост падаў у паветраную яму, а мае вантробы iмклiва падымалiся да горла. Тым часам Юрка выняў з кiшэнi ключ, павярнуўся да мяне спiнай i цiхамiрна ўзяўся штосьцi драпаць. Нейкая вiхура сарвала мяне з месца i перанесла да Юркi. Азiрнуўшыся, я згледзеў, што дошкi раз'ехалiся, i цяпер адтуль да нас перабраўся б хiба што кот.
На цёплай шурпатай паверхнi быка Весялоў надрапаў сваё iмя. Я таксама выцягнуў ключ, i побач з "Юрам" з'явiлася: "Вова". Юрка падумаў i дабавiў дату нашага падарожжа.
Вы памыляецеся, калi лiчыце, што пасля выпрабавання смеласцi мы зрабiлiся сябрамi. Спатрэбiлiся восеньскiя, а ўпрыдачу i зiмовыя вакацыi, каб Юрка зноў загаварыў са мной, папрасiўшы дазволу глядзець у нас хакейны чэмпiянат свету.
Тагачасныя заўзятары памятаюць, што "золата" тады дзялiлi памiж сабою вылучна каманды Савецкага Саюза i Чэхаславакii.
