
Я пакрывiў бы душой, сцвярджаючы, быццам меў тады нейкае асабiстае стаўленне да савецкiх танкаў каля Карлавага моста. Здаровага скепсiсу, што паспеў пусцiць парасткi ў маёй душы, пакуль хапала адно на тое, каб тушыць экран, калi з'яўлялася застаўка тэленавiнаў. Бацька круцiў ручкi нашай дабiтай радыёлы "Беларусь" амаль штовечар, я ж настройваў прыймач на "варожыя галасы" адно дзеля суботнiх музычных праграмаў.
Такiм чынам мы - я, Юрка i бацька - глядзелi гульню з чэхамi: пляскалi, хапалiся за галовы, ускоквалi i нервова расхаджвалi па пакоi. Калi не лiчыць ляскотак, усё iшло як звычайна, як летась i пазалетась, але трэцiм вокам я заўважыў штосьцi не тое. Бацька пляскаў неяк неўпапад, а перахапiўшы мой пагляд, хутка адвёў вочы. Напрыканцы першага перыяду я пераканаўся: бацька хварэе за чэхаў. Мала таго, на ягоным баку, паводле некаторых прыкметаў, быў i Юрка. Але i гэта было не ўсё: я разгублена адчуў, што якiсьцi спрытны антыпатрыятычны мiкроб збунтаваў i маю душу. Я таксама быў далучаны да змовы. Гульню мы дагледзелi ў наструненым маўчаннi, не iмкнучыся абменьвацца нават позiркамi. Выдатна памятаю, што, нягледзячы на нашую здраду, "нашы" выйгралi. Мы пацiснулi адзiн аднаму рукi i па-мужчынску стрымана павiншавалiся з перамогай.
Хакей зрабiў тое, што аказалася не пад сiлу мосту цераз Дзвiну: увесну мы з Юркам напраўду пасябравалi.
Гэтая падзея мела шмат наступстваў.
