
Гейналiстым ужо, напэўна, сьнiцца Беларусь... Аўтобус закалыхвае, i вакол цябе таксама тчэцца вопрадзень сьненьня. Ад думак пра сярэднявечнага гейналiстага ў сон лезуць раскосыя твары, якiя чамусьцi просяць даляраў...
Таргануўшыся, аўтобус спыняецца, i ты адплюшчваеш вочы. За вакном гараць у цемрыве вогнiшчы, нешта булькоча ў задымленых саганах, бегаюць па смуглявых аблiччах агнёвыя водсьветы. На мяжы явы й сьненьня табе здаецца, што ты глядзiш сон далей, што гэта йдуць на Кракаў праз Варшаўскi мост татара-мангольскiя захопнiкi.
Праўда, немаведама чаму татары гамоняць па-расейску й нецьвярозымi галасамi пяюць задушэўныя расейскiя песьнi пра "ой, мороз-мороз". Прыемнае каляратурнае сапрана каля суседняга вогнiшча выводзiць:
А вот намедни на крючок поймал русалку.
Я это помню, это было, как вчера.
Крючок я бросил, бросил леску, бросил палку,
А что словил? Да только три пера.
Як на сон, дык гучыць занадта саўкова, i ты прачынаесься.
Ад Варшаўскага мосту, губляючыся ў бяззорнай цямрэчы, цягнецца бясконцая гiрлянда агнёў. Сонныя гейналiстыя трывожна пераварочваюцца на другi бок, а ты змагаесься зь нядобрымi прадчуваньнямi й таксама клiчаш на дапамогу Марфэя.
Там, у сьне, памiж аўтобусамi шнуруюць баскакi. Да хвастоў iхнiх калматых конiкаў прывязаныя берасьцейскiя аўтамабiльныя нумары, а на гнедых бакох выведзена: "Милиция". З машынай-мiргалкаю наперадзе ў бок мяжы паважна праходзiць караван сланоў i вярблюдаў, i за кадрам хтосьцi тлумачыць, што гэта адбывае з афiцыйным вiзытам спадар прэм'ер...
Ранiцою ты ачынаесься пасярод голага поля. У рэдкiм туманцы ў далечыню ад застаўленай аўтобусамi да самага далягляду шашы брыдуць ланцужкi людзей. Вiдовiшча нагадвае кадры ваенных кiнафiльмаў: партызаны iдуць з заданьнем на "жалезку". Нават няўзброеным вокам вiдаць, што й бяз ранiшнiх дывэрсантаў поле замiнiравана так надзейна, што нiякай арганiкi яму да XXI стагодзьдзя не спатрэбiцца.
