У адрозьненьне ад уторкнутых берасьцейскiмi дойлiдамi ў сьмярдзючыя лужыны трох "шпакоўняў" (плюс адна калёнка з вадою) на шэсьць кiлямэтраў аўтачаргi, сьмецьцевых бачкоў у нашай незалежнай краiне пакуль што хапае.

Бачкi ледзь не штохвiлiны правяраюць абходчыкi зь ёмiстымi торбамi. У аднаго на торбе партрэт Мiхаiла Сяргеевiча з падмаляванымi гiтлераўскiмi вусiкамi, у другога - лёзунг: "СССР - оплот мира". Часам памiж абходчыкамi ўсчынаецца двубой за пустую пляшку.

Значна спакайнейшая й выгаднейшая iншая прымежная прафэсiя - гандаль месцам у чарзе. Адзiн аўтобус каштуе сто рублёў, а аўтобусаў тут недзе пад паўтысячы. За дзень мытнiкi прапускаюць штук трыццаць-сорак. Кажуць, што праблему здымаюць 500 "зялёных", але ў вас iх ненашмат болей, чым "фанэрных" ва ўдавы фiлiпiнскага прэзыдэнта Маркаса.

Таму вы мiтусiцеся паблiзу шлягбаўма са сваiмi паперамi, а кучаравы капiтан з прозьвiшчам цi то Гурок, цi то Бурак, зазiрнуўшы ў iх адным вокам, пагардлiва кiдае:

- Пущай сам Шушкевич придет и мне скажет, тада пропущу.

Ягоны калега, зрабiўшы страшныя вочы, абяцае, што ўсё адно будзе правяраць "щацильна".

Каля шлягбаўма гамуе аўтобус зь дзявочай зборнаю па нейкiм спорце. Пакуль трэнэр вядзе перамовы з начальствам, юныя спартоўкi просяцца ў паставога:

- Товарищ милиционер, пропустите. У нас соревнования. Нам завтра вечером на помост в Париже выходить.

- Знаем мы ваши соревнования, - мiралюбна адгукаецца "товарищ милиционер". - Трахаться едете с французами за даляры. Будете с нами за рубли - тада пропустим.

Пэрспэктыва пакаштаваць нясьвiскага сала з чырвонай праслойкаю й пачуць адну з вэрсiяў утварэньня колеравай гамы нашага сьцягу робiцца для кракаўскiх гейналiстых усё больш туманнаю.

Ваш апанаваны апошнiмi надзеямi аўтобус бярэ курс на Берасьце - шукаць справядлiвасьцi ў высокiх кабiнэтах. Надпiс на ўезьдзе ў горад папярэджвае: "Народы СССР - едины". Мяркуючы па аўтобусных нумарох у чарзе за мяжу й па агульнай эканамiчнай прасторы прымежнага поля, па якiм не адважыцца прайсьцi басанож нават твой знаёмы серабранкаўскi п'янтос Камiнтэрн, - лёзунг кажа шчырую праўду.



3 из 5