Беларускае мовы на берасьцейскiх вулках i ў берасьцейскiх кабiнэтах людзi цi то ня хочуць разумець, цi то сапраўды не разумеюць.

- Так вы, ребята, к нам из Белоруссии приехали? - з ухмылкаю пытаецца абласны начальннк. - Как у вас в Белоруссии погода?..

З аднаго кабiнэта ў другi вы пераяжджаеце па вулiцы iмя Касманаўтаў, i табе згадваецца, як гадоў пяць таму ў Воршы сакратар гаркаму партыi самых разумных i сумленных, пачуўшы прапанову назваць аршанскую вулiцу Касманаўтаў, дзе пiсалася "Дзiкае паляваньне караля Стаха", iмем Караткевiча, абурана адрэзаў, што гэта "идеологически неверно". На просьбу ўдакладнiць, хто з касманаўтаў нарадзiўся цi жыў у Воршы, сакратар дасьцiпна зазначыў: "Они здесь пролетали". Назвы вулiц Берасьця сьведчаць, што над iм праляталi Пушкiн з Гогалем, Будзённы з цэлым эскадронам бальшавiцкiх башыбузукаў, а таксама Ленiн з самiм камунiзмам.

Няблага вывучыўшы гарадзкую тапанiмiку "западных ворот советской страны", вы вяртаецеся на шашу i - о, сьвятая наiўнасьць! - спрабуеце заняць у чарзе ранейшае месца. Яшчэ на далёкiх подступах з аўтобуса зь вiцебскiм нумарам высыпаюцца, як блашчыцы з матраца, дзясяткi два разьятраных жанок i iхнiх няголеных спадарожнiкаў.

Ваш аўтобус сутаргава плiшчыцца наперад. Хмурныя няголеныя мужчыны зь Вiцебшчыны дакляруюць вам размалацiць каменьнем вокны. Жанчыны дзейнiчаюць больш радыкальна. З крыкам: "Проедете по нашим трупам!" яны кладуцца пад колы на мокры ад iмжачкi асфальт.

Ты выбiраеш сярод ляжачых прыгожую маладзiцу ў сьветлай куртцы й пачынаеш яе ўгаворваць зьмянiць паставу. Ты цярплiва даводзiш ёй, што брудны асфальт ня самае зручнае месца дэманстраваць бясспрэчныя вабноты. Ты пытаесься ў яе ймя й тэлефон i, зьвяртаючыся да скарбаў айчыннай паэзii, кажаш пра духмяныя стагi, дзе жанчыны, як радасны сон на зары.



4 из 5