
Амазонка из Томска,
Вы безумно прелестны,
Особенно сзади...
На ролю Варварынай супернiцы лёс прызначыў сiбiрскую татарку Амiну, што з рук у рукi перадала Генiку ў запячатаным канверце свой лiст. Варвары паблiзу не было, i Генiк бесклапотна рушыў па сцежцы на бераг Кецi, да таго кедра, дзе, як пiсала Амiна, яна калiсьцi назвала нашага былога загадчыка гаспадаркi мядзведзем, хоць з iх дваiх на невялiкага мядзведзя выдавала якраз шыракаплечая круглявая прапраўнучка чынгiсханаўскага воiна.
Праз гадзiну ўзмакрэлы i задыханы Генiк стаяў у дзвярах нашай фiнскай хацiны. Пад кедрам Амiна пачаставала яго вогненнай вадой, потым, напэўна ў адпаведнасцi са звычаямi яе старажытнага народа, праспявала пару працяжных гартанных песняў, а потым - мабыць, у працяг звычаю - без лiшнiх слоў забурыла Генiка на мох.
Калi вы мяркуеце, што хiмiцы змiрылiся з нашым адносна гарманiчным (Мiша Бугор казаў - гарманальным) суiснаваннем з амазонкамi, дык памыляецеся. Вясёлыя ленiнградкi таксама змагалiся за нашы сэрцы, карыстаючыся ў гэтай барацьбе самымi разнастайнымi сродкамi.
Штодня ў абед паводле дамовы з амазонкамi мы прыносiлi на кухню тры трохвёдзерныя вываркi вады. Трагiзм сiтуацыi палягаў у тым, што накрыўка ад вываркi згубiлася. Ад студнi да сталоўкi было з паўкiламетра, i прыкладна на палове шляху да нас прыстройвалася чародка хiмiц. Усе як на падбор сiмпатычныя, нафарбаваныя, у кароткiх шчыгульных спаднiчках i рознакаляровых майках з паскамi на тонкiх талiях, яны вiлiся вакол нас, нiбы стракатыя матылькi.
Якi-кольвек з гэтых матылькоў пачынаў амаль пяшчотна: "Студентики, а студентики, пожалейте бедных девушек". "Совсем извелись без мужской ласки", падхоплiвала другая жамярыца. Далей чулася што-небудзь накшталт: "А я бы тому бородастенькому сто раз дала. Слышь, бородастенький? Ты хоть целоваться умеешь?"
