
Вушкi, далонi, ступачкi i астатняе, што бывае ў жанчыны, у Вiкi было маленькае, i, калi я меў патрэбу назваць яе па iменi, мне заўсёды хацелася сказаць не проста Вiка, а - маленькая Вiка.
Вялiкi й магутны Ахурамазда быў задаволены намi, пагатоў ацэнка Вiчыных iнтэлектуальных здольнасцяў, выстаўленая мною пасля "зорааўстрыйцаў", аказалася недаравальна паспешлiвай. Маленькая Вiка любiла Мiхаiла Афанасьевiча Булгакава, марыла стаць для каго-небудзь Маргарытаю i пачытвала экзiстэнцыялiстаў. Эпiзод пераходу ў зараастрызм яна пазней пракаментавала радкамi Пастарнака:
Если даже вы в это выгрались,
ваша правда. Так надо играть.
Дадам, што не ад старажылаў, а менавiта ад яе я даведаўся пра закiнуты вайсковы аэрадром на ўсход ад Ягаднага, дзе кожная залева вымывала з пяску мармурова-жаўтлявыя чалавечыя чарапы i костачкi, сярод якiх маглi апынуцца i косцi майго расстралянага ў 1933-м дзеда Максiма. Аднойчы па дарозе з кар'ера Вiка трохi палахлiва расказала пра лагер, дзе трымалi гiшпанскiх iнтэрбрыгадаўцаў - нашых, а найбольш замежных, што прыехалi пасля грамадзянскай вайны ў краiну пераможнага сацыялiзму. Кiраўнiкi лагернага падполля нiбыта зарганiзавалi ўсеагульныя ўцёкi i ўпэўнена вывелi iнтэрбрыгадаўцаў на аточаную кулямётчыкамi прасеку.
Мой найлепшы сябра Генiк сустракаўся пад таежнымi сузор'ямi з амазонкай, што мела неамазонiстае iмя - Варвара, была сiбiрачкаю шатан ведае ў якiм калене i размаўляла прыкладна так: "Ну как? Ништяк? А че стал середь дороги?" Гэта пра яе, перафразаваўшы Iгара Севяранiна, паэт М.Чарнiловiч сказаў:
Амазонка из Томска,
