Якраз туды я павiнен быў трапiць, каб выпiць з сябрамi за светлую бацькаву памяць ацалелую ад памiнкаў пляшку "Белавежскай" ды зарабiць сваю тысячу, або, як тады казалi, дзесяць "кавалкаў", а потым уразiць чым-небудзь адну полацкую й пару менскiх дзяўчатак, з удаванаю абыякавасцю пракаментаваўшы сiтуацыю сакраментальнаю фразай: "Нiхто не забаронiць нам жыць прыгожа".

Выгрузiўшыся з фiрмовага цягнiка "Масква-Томск", у вагоне-рэстаране якога можна было ўдосыць паразважаць над паведамленнем меню пра "котлеты из медвежатины свиные" i "котлеты из медвежатины говяжьи", я на поўную грудзiну ўдыхнуў сiбiрскага паветра i даведаўся, што адзiны цягнiк на Белы Яр адыходзiць праз гадзiну. Прабiцца за такi час праз бiтма набiтую залю да вакенца касы ўяўлялася задачаю гэткай жа простаю, як далучыць да Беларусi Ямала-Нянецкую аўтаномную акругу. Анiякай чаргi ў касу не iснавала; з розных бакоў да вакенца цягнулiся рукi з грашыма, якiя адпiхвалi адна адну, i ў вынiку касiрка, не маючы клопату, спакойна чытала газету.

Я разумею, што "российское могущество будет прирастать Сибирью", што на яе абсягах безлiч светлага й глыбока народнага, ды яе вiзiтоўкаю назаўсёды застанецца для мяне жанравая сцэнка, убачаная з падваконня томскага вакзала.

Вугрыстаму дзецюку з запаленымi вачыма падфартунiла прашчамiцца да касы i з сцiснута-пераможным выгукам "Белый Яр!" торкнуць касiрцы брудна-жоўты жмуток рублёвак. У той самы момант сiпатае кантральта нема заверашчала: "Ванек, отсеки фраера!" i двухметровы бамбiза з лагодным бурачковым тварам меланхалiчна ўпячатаў дзецюку памiж вачэй валасаты пудовы кулак. Кагадзешны трыумфатар аблiўся юхаю i засумаваў. Ехаць у Белы Яр яму ўжо вiдавочна не праглася. "Товарнищи, расступитесь! Человеку плохо!" - нясмела прапiшчэла з вакенца касiрка, марна спрабуючы перадаць напалову непрытомнаму пасажыру квiток.



2 из 45