"Перебьется, дохляк", - пагардлiва кiнуў хтосьцi. Самым вялiкiм гуманiстам выявiўся Ванёк. Не раўнуючы, як выполваюць з ляхi пустазелiну, ён вырваў з натоўпу сваю ўкрываўленую ахвяру i, высока падняўшы яе, запрапанаваў прысутным перадаць "товарища" да выхаду. У аддзяку за гэта, ужо адплываючы ў бок дзвярэй на выцягнутых угору мужчынскiх руках, "товарищ" выпруцiўся й трапна харкнуў у твар Ваньку згусткамi крывi, смаркачоў i слiны. Мне зрабiлася млосна й востра захацелася назад, у Менск i ў Полацак.

У Веlуi Jаr я прыбыў на кукурузнiку, заплацiўшы лётчыку дзвюма пляшкамi "зверабою". Пасажыры дамаўлялiся з экiпажам, i самалёцiк, палохаючы свойскую жывёлу i таежную зверыну, яшчэ два разы незапланавана прызямляўся на аселiцах, прычым аднойчы - бо авiятары адкаркавалi мае пляшкi, не адыходзячы ад штурвала - ледзьве размiнуўся з якойсьцi стадолiнай.

На аэрадроме ўзвышалася велiчная жалезная брама, злева й справа ад якой анiякае абгародкi i не начавала, затое зверху спаруду аздабляла прыкручанае дротам мастацкае пано, з якога брываста-медалясты генсек рабiў падарожнiку ручкай, зазначаючы, што "Верной дорогой идете, товарищи". Ён жа паведамляў: "Вас приветствует центр Верхнекетского района Бл.Яр". Прымайстрыўшыся на драбiнах, гэтыя пранiкнёныя словы з непiсьменна-хулiганiстым скаротам спрытна падмалёўвала мiзэрная iстота з такой казлiнаю бародкай, што, здавалася, у гумовiках у гэткага служкi музаў могуць парыцца адно капытцы.

На ўзлётным полi i вакол яго дацвiтаў малачай, пасвiлiся каровы i нiхто не спускаў нiкому юхi. Трывожную ноту ў гэтую пастараль унёс пастух, што падпiраў браму, пяшчотна пазiраючы на пастаўлены ў нагах зялёны "фаўст" з партвейнам невядомае ў Беларусi маркi "777". Пастух паважна адсмактаў з рыльца колькi глыткоў пiтва, прыкладна столькi ж налiў у чарапок свайму сабачку, якога любасна называў Алкашом, i папярэдзiў, што па дарозе з аэрадрома ў цэнтр Верхнякецкага раёна лютуе беглы калгасны бык-вытворца з неардынарным для парнакапытнага мяном - Юдзенiч.



3 из 45