(Праз паўгода, калi нас пацягнуць за самвыдавецкiя альманахi - рукапiсны наваполацкi "Блакiтны лiхтар" i нашу машынапiсную родную гiстфакаўскую "Мiлавiцу", - маёр КДБ пад час прафiлактычнае размовы будзе казаць: "Не думайте вилять хвостом. О вас нам известно решительно все. Например, ваши стройотрядовские, так сказать, туалетные художества. В своем националистическом угаре вы дошли до изощренного надругательства над пятиконечной ленинской звездой". Я паспрабую рэабiлiтавацца, называючы сцiплыя дасягненнi ў выпiлоўваннi бяскрыўдным жартам, ды эфект атрымаецца адваротны. "Значит, кто-то спускает штаны, делает в дорогой каждому советскому человеку символ, и это, как вы выражаетесь, "жарт"?" "Гэта даўнi салярны сымболь, буду баранiцца я. - Яшчэ старажытныя iндыйцы..." "Можете рассказывать это своим "старажытным" индийцам". "Свастыка, мiж iншым, таксама сымболь сонца", неабачлiва вырвецца ў мяне, i я нарвуся на ледзяное пракурорскае пытанне: "Почему же вы в таком случае не вырезали свастику?") Наш расквечаны сякiмi-такiмi прыгодамi, але збольшага ўпарадкаваны побыт зрабiў рэзкi паварот, калi празаiк Джон Галяк скiнуў з сябе дрымоту i нечаканым манеўрам адбiў у начальнiка будупраўлення, якому мы падпарадкоўвалiся, цёмненькую амазонку Святланку.

Калi вы нiколi не рамантавалi вузкакалеек, забiваючы за дзень у спружынiстыя шпалы па пяцьсот кастылёў, вам цяжка будзе даўмецца, чаму мы з такой тугою прыгадвалi сытае вуркатанне бетонамяшалкi i глыбокiя ношкi з рошчынаю цi з пiрамiдаю цэглы. Заставалася суцяшацца тым, што ў любой сiтуацыi прысутнiчае i станоўчы момант.

Таежная вузкакалейка дапамагла ранняму мне больш глыбока адчуць i спасцiгнуць ранняга Ўладзiмiра Караткевiча, якога я тады адкрываў дзякуючы Генiку - першаму на маiм шляху гарадскому чалавеку, што гаварыў па-беларуску не на сцэне i не з тэлеэкрана.



25 из 45