Згадзiцеся: чытаць баладу "Паўлюк Багрым", адлежваючы бакi на панцырным iнтэрнатаўскiм ложку i смокчучы з рыльца "лiдскае" або "жыгулёўскае" - гэта адно, а разгарнуць кнiжку ў кароткi перакур, калi ад вiдна да вiдна махаеш з-за пляча кувалдай, цаляючы па натурыстых кастылях, - зусiм iншае, i здаецца, што гэта якраз пра цябе:

А ў краiне так цяжка

(Асiны ад ганьбы палаюць),

I над ёй фанабэрыцца

П'яны, разбэшчаны гун.

Як пры князю Ўсяславе

Дзень вялiкi, а луста малая.

Як пры князю Ягайле

На кожную спiну бiзун.

На жаль, новая праца спрыяла адно глыбокаму пранiкненню ў таямнiцы мастацкае творчасцi. З астатнiм атрымлiвалася тугавата. Праязджаючы паўз нас на вiсклiвай дрызiне, падобны да хамяка з туга набiтымi шчокамi начальнiк будупраўлення зларадна галёкаў: "Что, студенты, зае...сь?"

Колькi дзён мы з непрывычкi сапраўды ледзьве дабрыдалi ўвечары да сваiх тапчагаў, а выпаўзшы на ватных нагах да вогнiшча, бездапаможна засыналi на плечуках у пасiяў. Гэта тады Мiхась Чарнiловiч назваў кувалду найлепшым супрацьзачынальным сродкам. Аднак маладыя арганiзмы хутка ўзялi сваё, i Мiхасёва дэфiнiцыя страцiла актуальнасць яшчэ да таго, як цёмненькая Святланка засумавала па мужчынскай ласцы настолькi, каб вярнуцца да хамякападобнага начальнiка.

З хiмiкамi мы па-ранейшаму сустракалiся толькi ля вогнiшча, што зазвычай настройвае чалавека на мiралюбны лад. Памiж намi дзейнiчала няпiсаная дамова: яны, хiмiкi, не будуць чапаць нi нас, нi амазонак, а мы, студэнты, не будзем што б нi прычынiлася ў "хiмкомплексе" - стукаць ментам.

Мiрнае суiснаванне ляснулася на Дзень будаўнiка.

За ўсе два будатрадаўскiя месяцы гэтая жнiвеньская нядзеля лiчылася адзiным выхадным, калi можна было выспацца i наладзiць законную балюшку.

Параiўшыся са сваiмi амазонкамi, мы вырашылi адзначыць свята на тэрасе так зваўся аточаны кедрамi чысты лапiк берага, што абрываўся да ракi строма, як мур фартэцы.



26 из 45