
"Ховайтесь... вашу мать!" - лямантавала Панцялееўна. I без яе застрашлiвага крыку было зразумела, што справы швах. Генiк кiнуўся па стрэльбу. Чарнiловiч схапiў манцiроўку, я выцягнуў з заплечнiка ёмкую турыстычную сякерку, а руды Лявон, ён жа Джон Галяк, быццам штукар зайца, дастаў з запазухi паважную фiнку. "Домой!" - раўнуў ён на сваю адбiтую ў начальнiка будупраўлення Святланку i на iншых амазонак. Аднак тыя нечакана цвёрда адмовiлiся, i мы эгаiстычна пачулiся трохi весялей. Больш таго, нашы рэдкiя шыхты неспадзеўкi папоўнiла расчырванела-ваяўнiчая татарка Амiна з дубальтовым шротнiкам.
Маленькая Вiка прыўзнялася на дыбачкi i аддана прашаптала мне, што ў яе ёсць з сабою аптэчка.
"Идуть! Убивцы!" - нема заверашчала нашая дабрадзейка Панцялееўна, паказваючы на дарогу, i пакацiлася па сцежцы ў тайгу.
Хiмiкi iшлi пагрозлiва няспешна. "Дваццаць тры", - падлiчыў, узводзячы куркi, шляхетна спакойны Генiк.
Разам з мужнымi дочкамi сiбiрскае зямлi нас было дзевяць плюс дзве стрэльбы. Дзяўчатам, каб iхнi выгляд залiшне не натхняў гасцей, мы загадалi схавацца ў салуне ў Джона Ячменнага Зярнятка, забяспечыўшы iх дзеля смеласцi пляшкай "777-га".
Амiна наадрэз адмовiлася здаць мужчынам свой баявы шротнiк i засталася побач з намi на ганку.
Хiмiкi, на якiх глядзелi пяць параў вачэй i дзве пары руляў, крокаў за трыццаць ад нас расступiлiся паўкругам, прапускаючы наперад дзядзьку Колю-масквiча. Некаторыя з няпрошаных гасцей былi на добрым падпiтку, аднак мы не ведалi, цешыцца з гэтае прычыны або наадварот: п'яныя маглi палезцi i пад кулi. Сёй-той вiдавочна невыпадкова трымаў правую руку кiшэнi i мог выцягнуць яе адтуль значна раней, чым мы патрапiлi б усiх перастраляць.
Проста сказаць, што я спалохаўся, будзе прымiтыўна i недакладна.
Мне ўспомнiлася нашая бяскрыўдная дзiцячая забава: пастукаць "у кружок" валейбольным мячом. Штораз, калi, прымаючы мяч, даводзiлася адступаць спiнаю наперад, мяне апаноўвала хмельна-вусцiшнае пачуццё бязважкасцi, бо гульня iшла не дзе-небудзь на цёплым пляжным пясочку цi на спартовай пляцоўцы, а на плоскiм, залiтым бiтумам даху нашага полацкага шасцiпавярховiка, i кожная хрыбетка памятала пра высачыню i адчувала яе магнiтнае поле, што з кожным новым крокам да краю ставала стакроць магутнейшым.
