
Апоўднi тройца выпiвакаў матлянулася пад нашымi вокнамi. Прысадзiсты карчавiты Мiша iшоў яшчэ роўна, але ступаў асцярожлiва, нiбы па кладцы. Толiк у адной руцэ нёс пляцёнку з трыма фугасамi i чамусьцi баксёрскiя пальчаткi, а другой падтрымлiваў румянашчокага мацака Жэню. "Когда мы придем к власти, крычаў Раслiнскi тугаватаму на вуха хiмiку, - ты будешь министром финансов!" Жэня сцiскаў у кулаку сiнi жмутак пяцёрак, i засталося незразумелым: цi Толевы словы ўжо былi пахвалою, цi толькi заахвочвалi жыхара Асiповiчаў да шчодрасцi.
Калi мы выцягнулi прызапашаную з нагоды свята скрынку "777-га" на ганак i, маляўнiча размясцiўшыся на ёй i вакол, закурылi ў чаканнi сваiх сябровак, над "хiмкомплексам" раптам падзьмуў сiверкi вецер трывогi. На дарозе з боку пасёлка паказалася кладаўшчыца Панцялееўна, чыя постаць больш за ўсё iснае нагадвала вялiкую капусную бочку, да якой знiзу, зверху i з бакоў сяк-так прымайстраваныя яшчэ пяць бочачак. Панцялееўна пылiла неяк наўздзiў зварушлiва i здалёк крычала, каб мы хавалiся. Узяць у розум, што прычынiлася, удалося толькi тады, як бочка з пяццю бочачкамi дакацiлася да самага ганка.
Кладаўшчыца з булькатаннем у грудзiне прахрыпела, што хiмiкi паддалi i iдуць ад крамы нас рэзаць.
Землячок Жэня, мабыць, не расцiснуў кулака з пяцёркамi, i Толiк Раслiнскi, нацягнуўшы баксёрскiя пальчаткi, збiў няздатнага прэтэндэнта на партфель мiнiстра фiнансаў на горкi яблык. Нашы жлукты недзе зашылiся, а хiмiкi вось-вось будуць тут. Каля школы iх спрабаваў угамаваць настаўнiк Сацук, ды адзiн малады хiмiк выцягнуў лязо i намаляваў гэтаму Сацуку на лбе пяцiканцовую зорачку.
