"Сорак сем!" - выгукнуў Чарнiловiч i выплюнуў змесцiва мiскi ў хмызняк. "Пяцьдзесят!" - азваўся нехта, таксама апрастаўшы мiску. Як хутка высветлiлася, хлопцы лiчылi, колькi камароў уваб'ецца ў iхняе едзiва за хвiлiну. Рэшта байцоў эксперыментамi не займалася, а проста бегала з мiскамi i лыжкамi вакол недабудаванай сталоўкi, спрабуючы абагнаць даўгiя камарыныя шлейфы, што цягнулiся за кожным, i затаптаць у страўнiкi порцыю слiзкiх гумовых макаронаў. Той, хто быў з намi летась у казахстанскiм будатрадзе, вiдаць, тужлiва прыгадваў нашага кухара карэйца Кiма, якi на Дзень будаўнiка згатаваў нам фiрмовую тушонку з суслiкаў, па буднях жа штодня рэзаў барана, а калi барана не прывезлi, дык зарэзаў на гуляш аднаго са сваiх мясных карэйскiх сабакаў, i той гуляш атрымаўся найсмачнейшым за ўвесь сезон, вось толькi дарма Кiм адкрыў нам потым кулiнарную таямнiцу ды яшчэ i тады, як увесь атрад сядзеў за сталом.

Днi, адведзеныя нам на здзяйсненне цудоўных спраў, былi цiкавейшыя, чым ночы пад накамарнiкамi, якiя слаба ратавалi ад машкары, павутоў i iншае заедзi, што прагла ўзяць у нас аналiз крывi. Удзень мы заводзiлi знаёмствы з iстотамi больш адметнымi. На будаўнiцтве цагельнi разам з намi рабiлi зэкi з зоны i вольныя пасяленцы, або папросту хiмiкi. Зэкi былi падканвойныя, i даступiцца да iх мы не маглi, затое з хiмiкамi без цырымонiй перакурвалi, а то i выцэджвалi пляшку "777-га", што ў белаярскiм абыходку з любасцю зваўся "трыма сямёрачкамi".

У вынiку супольных перакураў, па-першае, выявiлася, што аэрадромны жывапiсец з казлiнаю бародкай у мiнулым быў дацэнтам (тут яго звалi Рэпiным) Ленiнградскай акадэмii мастацтваў i дацягваў на вольным пасяленнi тэрмiн за небескарыслiвую дапамогу будучым майстрам пэндзля ў выкананнi дыпломных прац. Апроч ленiнаў i брэжневых (Леанiда Iльiча ён дужа не любiў i называў казлом, расцягваючы гэтае слова, як жавальную гумку), дацэнт маляваў парадныя партрэты спецкамендатураўскiх чыноў, прычым кожнаму замоўцу неадменна "прышпiльваў" на пагоны лiшнюю зорачку.



5 из 45