На шчасце, адмахаўшы па тайзе пару кiламетраў, я спаткаўся не з Юдзенiчам, а з маiм найлепшым сябрам Генiкам, якi вёз на "казле" скрынку маргарыну, што павiнны былi з'есцi байцы СБА, i скрынку дагестанскага каньяку "Абрау Дюрсо", што павiнны былi выпiць з мясцовым начальствам будатрадаўскiя важакi. Генiк займаў адказную пасаду нашага загадчыка гаспадаркi. Ён ужо добра засвоiў, што ўсушка, утруска i асаблiва шклабой на сiбiрскiх дарогах - рэч непазбежная, а таму праз паўгадзiны сiбiрская рэчаiснасць набыла дагестанскую стэрэаскапiчнасць, а камарыныя ўкусы толькi аздаблялi гэтае жыццё.

"Казёл" загамаваў на цэнтральнай плошчы Бл. Яра, i Генiк - меў ён такую жарсць да партыйных i дзяржаўных устаноў - прапанаваў схадзiць за райкам партыi да ветру. Я прагна насычаўся сiбiрскiм каларытам, да якога апрача камар'я належалi старадаўнiя каржакаватыя дамы, што, несумнеўна, даўно пусцiлi ў зямлю каранi, а таксама вусцiшная гайня цi то свойскiх, цi то здзiчэлых сабак усiх магчымых масцяў, што гойсала вакол, не дазваляючы нам з Генiкам ажыццявiць за райкамам свой антыпартыйны намер.

Мы загрузiлiся ў аўто, i Генiк зноў задуменна паглядзеў на залацiстыя плады "Абрау Дюрсо". У вакне мiльгануўся глухi й высачэзны, на тры чалавечыя росты, плот з калючым дротам. "Зона", - лапiдарна патлумачыў загадчык гаспадаркi, i я паспеў заўважыць яшчэ адзiн лозунг - "Запомни сам, скажи другому, что честный труд - дорога к дому".

Данiну тутэйшаму захапленню лозунгамi аддаў i наш будатрад. "Колькi спраў цудоўных намi здзейснiцца!" - было напiсана на нацягнутым памiж дзвюма лiстоўнiцамi кумачовым пасе. Пад iм стаяў з алюмiнiевай мiскаю ў руках яшчэ адзiн мой сябрук Мiшка Чарнавец, вядомы чытачам нашага гiстфакаўскага самвыдавецкага альманаха "Мiлавiца" як паэт Мiхась Чарнiловiч. Мiхась то пiльна, як варажбiтка ў люстэрка, углядаўся ў мiску, то кiдаў хуткi позiрк на гадзiннiк. Гэткiм самым няўцямным клопатам былi занятыя яшчэ колькi байцоў СБА.



4 из 45